500-годзьдзе беларускага кнігадрукаваньня будуць каардынаваць Ананіч і Сьвятлоў

Арганізацыйны камітэт па падрыхтоўцы і правядзеньні сьвяткаваньня 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня ўзначаляць міністар інфармацыі Лілія Ананіч і міністар культуры Барыс Сьвятлоў, паведамляецца на сайце Савету міністраў Беларусі.

У склад аргкамітэту таксама ўвайшлі прадстаўнікі МЗС, Міністэрства адукацыі, аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкаму і абласныя ідэолягі зь Менску і Магілёва. У сьпісе няма ніводнага гісторыка, дасьледчыка беларускага кнігадрукаваньня, грамадзкага дзеяча.

Вядомы беларускі скарыназнаўца Адам Мальдзіс кажа, што да актыўнай працы камітэту ня здолеў бы далучыцца з прычыны кепскага стану здароўя. Але яго не запрашалі і ў якасьці ганаровага сябра:

Адам Мальдзіс

«Я дапамагаю ў правядзеньні гэтага году тым, хто да мяне зьвяртаецца. Дапамагаў рыхтаваць дакумэнты для ЮНЭСКА, дапамагаю рабіць сайт скарыназнаўства для Нацыянальнай бібліятэкі, які робіць Алесь Суша. Падрыхтаваў для друку кнігу „Ад Скарыны да Міцкевіча і ад Вайніловіча да Караткевіча“ — гэта агляд беларускага кнігадруку.

Што да камісіі, якую ўзначальвае Лілія Ананіч, то спадзяюся, што яна не абмяжуецца тымі чыноўнікамі, якія цяпер у яе ўваходзяць. Я лічу, што якраз яны і павінны прыцягваць да працы гісторыкаў, навукоўцаў і пісьменьнікаў».

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў лічыць, што тое, як пройдзе сьвяткаваньне 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня, залежыць у першую чаргу ад фінансаваньня, а не ад складу аргкамітэту:

Алег Трусаў

«Калі ня будзе грошай, то ніякі склад гэтай камісіі ня выканае пастаўленую задачу. Таму трэба задаць пытаньне Ананіч пра тое, які плян і які бюджэт. Калі зьявіцца такая інфармацыя, тады можна будзе даваць ацэнку».

Алег Трусаў таксама паведаміў, што ТБМ прысьвеціць Францішку Скарыну юбілейную дзясятую дыктоўку, якую па ўсёй краіне беларусы будуць пісаць 21 лютага, у Дзень роднай мовы.

Дэпутатка Алена Анісім, якая імкнецца прасоўваць беларускую мову на афіцыйным узроўні, тлумачыць, чаму нельга было чакаць уключэньня прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый у гэты камітэт:

Алена Анісім

«У рэспубліканскі камітэт адзначэньня 500-годзьдзя ўвайшлі практычна толькі чыноўнікі, таму што яны працуюць у такой сыстэме, яны прывыклі так працаваць. У межах гэтага камітэту яны даюць адзін аднаму даручэньні і выконваюць іх. А з грамадзкасьцю ў чыноўнікаў пакуль што ня вельмі супраца ідзе. На добры толк, вядома, трэба было далучыць і гісторыкаў-скарыназнаўцаў, і пісьменьнікаў, і грамадзкіх дзеячоў».

Аргкамітэт павінен зацьвердзіць плян мерапрыемстваў з нагоды 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня і забясьпечыць яго рэалізацыю.