23 студзеня ў Жэнэве пачынаецца чарговы раўнд перамоваў аб далучэньні Беларусі да Усясьветнай гандлёвай арганізацыі (WTO).
Беларускую дэлегацыю на перамовах узначальвае першы намесьнік міністра замежных спраў Андрэй Еўдачэнка.
Візыт будзе доўжыцца па 26 студзеня, за гэты час адбудзецца восьмае афіцыйнае пасяджэньне рабочай групы ў пытаньнях далучэньні Беларусі да WTO з удзелам прадстаўнікоў 46 краінаў — чальцоў арганізацыі, а таксама пройдуць двухбаковыя перамовы беларускай дэлегацыі з дэлегацыямі больш як дзесяці краінаў.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 20 студзеня сказаў, што «гэтыя перамовы вельмі важныя».
А старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Ўладзімер Улаховіч 22 студзеня заявіў, што далучэньне Беларусі да WTO магчымае ўжо сёлета:
«Заўсёды няўдзячная справа называць тэрміны, але я не выключаю, што да канца гэтага году. Пры нашым жаданьні мы вельмі хутка станем чальцамі WTO».
Эканаміст Яраслаў Раманчук тым часам лічыць, што Ўладзімер Ўлаховіча задужа аптымістычны — так хутка Беларусь ня зможа выканаць патрабаваньні, неабходныя для ўступленьня, асабліва гэта тычыцца сельскай гаспадаркі, якая ў вялікай ступені датуецца дзяржавай:
«Да нас будзе шмат прэтэнзій што да палітыкі ў галіне сельскай гаспадаркі. Гэтая галіна ў вялікай ступені датуецца дзяржавай, а гэта забаронена ў краінах арганізацыі. Таксама трэба будзе перагледзець тое, як мы падтрымліваем прамысловыя прадпрыемствы — субсыдаваньне празь дзяржаўныя праграмы таксама забароненае ў тых краінах, зь якімі мы будзем весьці перамовы пра ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Гэтыя рэчы ня так проста прывесьці да эўрапейскага стандарту, гэты працэс можа заняць не адзін год. Разам з тым я хачу адзначыць, што імкненьне чыноўнікаў Беларусі да ўступленьня ў WTO — вельмі станоўчы знак; што ёсьць палітычная воля, асабліва з боку міністра замежных спраў Уладзімера Макея».
Яраслаў Раманчук пералічыў, чаму для Беларусі было б выгодна быць сябрам Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі:
Адсутнасьць гандлёвых бар’ераў
Сяброўства ў WTO зьнізіць рызыкі ўвядзеньня супраць беларускіх вытворцаў розных гандлёвых бар’ераў.
Прэстыж: WTO — гэта як ААН, толькі ў гандлі
WTO — гэта як ААН, толькі ў гандлі. Калі краіна належыць да гэтай арганізацыі, то іншыя краіны-чальцы ня ўводзяць супраць яе ніякіх абмежаваньняў.
Сябры WTO ня будуць дэмпінгаваць супраць беларускіх тавараў
Гарантыя, што іншыя краіны-чальцы ня будуць дэмпінгаваць ці дыскрэдытаваць іншым чынам беларускіх вытворцаў.
Цэны зьменшацца, асартымэнт вырасьце
Калі Беларусь стане сябрам WTO, то атрымае большыя магчымасьці інвэстыцый у гандлі. Гэта прывядзе да таго, што цэны на тавары зьнізяцца, а асартымэнт павялічыцца. А гэта, у сваю чаргу, вельмі станоўча паўплывае на бюджэты хатніх гаспадарак.
Рост інвэстыцый
У WTO уваходзяць 162 краіны, а Беларусі там няма. Статус краіны з найбольшым пратэкцыянізмам не спрыяе інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі, перакананы Раманчук.
Заяўку на ўступленьне ў WTO Беларусь падала яшчэ ў 1993 годзе. Беларусь — адзіная дзяржава Эўразійскага эканамічнага саюзу (ЭАЭС), якая не зьяўляецца сябрам WTO.