Як сказаў Свабодзе старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, апазыцыя плянуе падаваць заяўку на правядзеньне акцыі ў Менгарвыканкам. Маршрут вулічнай акцыі за адмену дэкрэту № 3 «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» будзе агучаны 23 студзеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску.
«Паседжаньне аргкамітэту прайшло пазытыўна. Сярод тых, хто ўжо пацьвердзіў свой удзел у падрыхтоўцы маршу, — АГП, аргкамітэты „Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі“, Беларускай партыі працоўных Бухвостава і Беларускай партыі жанчын „Надзея“, партыя „Справядлівы сьвет“, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і „Зялёныя“, а таксама грамадзкая кампанія „Наш дом“, якой кіруе Вольга Карач.
Акрамя таго, сёньня абмяркоўвалася ідэя правесьці марш у тым жа фармаце ў абласных цэнтрах і буйных гарадах — магчыма, гэта будзе Гомель, Магілёў ці Бабруйск. Гэтая ідэя папярэдне прапрацоўваецца. Толькі абмяркоўваецца іх правядзеньне не 15 сакавіка, а 19 лютага, бо 20 лютага — дэдлайн па выплаце „падатку на дармаедаў“. Канчатковае рашэньне, ці будуць праводзіцца акцыі ў рэгіёнах і дзе канкрэтна, будзе таксама агучана на прэс-канфэрэнцыі ў панядзелак», — сказаў Лябедзька.
Старшыня АГП мяркуе, што апазыцыя павінна каардынаваць сваю дзейнасьць, працуючы па праблеме «дэкрэту аб дармаедах».
«Было б вельмі добра, каб гэта не зьвялося да правядзеньня некалькіх супольных акцыяў. Мы кажам, што патрэбна каардынуючая структура, празь якую можна было б хаця б абменьвацца інфармацыяй пра тое, хто і што робіць у гэтым пытаньні. Тут усе якраз згодныя з тым, што трэба быць разам — тут няма чаго ў гэтай тэме дзяліць. Могуць быць і асобныя напрамкі працы, але нейкая каардынацыйная пляцоўка патрэбная — гэта было б карысна», — мяркуе палітык.