Раней кіраўніцтва расейскай пісьменьніцкай арганізацыі абвясьціла, што Сьвятлана Алексіевіч ніколі не была чальцом ПЭН-цэнтру. Такім чынам яны адрэагавалі на заяву пісьменьніцы аб выхадзе з арганізацыі. Імя Сьвятланы Алексіевіч зьнікла са сьпісаў сяброў на сайце. Фатаздымак білета апублікаваў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пісьменьнік Сяргей Пархоменка, з выключэньня якога з арганізацыі і пачаўся цяперашні канфлікт.
«Усё гэта такі second-hand, што няма чаго сказаць», — з усьмешкай камэнтуе сытуацыю для Радыё Свабода сама Сьвятлана Алексіевіч. Аб сваім рашэньні выйсьці з ПЭН-цэнтру яна зусім не шкадуе.
«Як можна шкадаваць, калі арганізацыя ў такім выглядзе? На сёньня зь яе выйшлі 50 чалавек. 45 падпісалі паперу пра тое, што трэба новы сход і перавыбары. То бок ПЭНу як такога няма», — кажа пісьменьніца.
Яна зазначае, што паводзіны вялікай часткі расейскіх пісьменьнікаў, якія выйшлі з ПЭН-цэнтру і патрабуюць ягонай рэарганізацыі, сьведчаць пра іх годнасьць.
«Я вельмі рада, што расейскія пісьменьнікі змаглі так аб’яднацца. Упершыню пасярод дэмакратычных інстытутаў такі сур’ёзны дэмарш. Бо ўсе паляглі пад уладу — ці знайшлі самаапраўданьне, ці сышлі ва ўнутраную эміграцыю. А тут упершыню пісьменьнікі сказалі „не“», — кажа Алексіевіч.
«Аніводная дэмакратычная арганізацыя не паводзіць сябе сёньня з такой годнасьцю, як пісьменьнікі, — лічыць пісьменьніца. — Вы можаце ўявіць, якая колькасьць людзей адмовілася ў гэтым удзельнічаць. Вось гэта сэнс таго, што адбылося. Гэта ня пройдзе дарма і для іншых людзей. Улада дзейнічае так — пранікае ўсярэдзіну арганізацыі і разбурае яе знутры. Мы гэта ведаем па тым, як робіцца ў Беларусі. Так Казулін апынуўся бяз руху. Так шмат арганізацыяў было пахавана ці абсалютна перабудавана на сэрвільны лад.
Але тут нібыта гэта не ўдаецца. Ня ведаю, што далей прыдумае расейская ўлада. Але гэта досьвед, вельмі карысны для нас».
Сьвятлана Алексіевіч, Леў Рубінштэйн, Барыс Акунін ды іншыя вядомыя сябры Расейскага ПЭН-цэнтру пакінулі арганізацыю на знак пратэсту супраць выключэньня зь ейных шэрагаў пісьменьніка Сяргея Пархоменкі. У канцы мінулага году ён разам зь іншымі сябрамі арганізацыі зьвярнуўся да Ўладзіміра Пуціна з просьбай памілаваць украінскага рэжысэра Алега Сянцова. Сянцоў адбывае 20-гадовы тэрмін з прычыны абвінавачаньня ў экстрэмізьме.