Актывісты абурыліся камэнтаром на берасьцейскім сайце і зьвярнуліся ў КДБ

Ігар Маслоўскі

Актывісты берасьцейскай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) накіравалі зварот ва ўпраўленьне КДБ па Берасьцейскай вобласьці з просьбай «недапушчэньня заклікаў да ліквідацыі дзяржаўнасьці і іх наступстваў».

Падставай да звароту ў КДБ, сказаў Свабодзе старшыня Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП(Г) Ігар Маслоўскі, стаў камэнтар на адным з рэгіянальных сайтаў. Ананімны карыстальнік напісаў, што «цяпер у дзяржавы цяжкія часы. Вось калі мы ўвойдзем у склад Расеі, то зажывем лепей за ўсіх. Крым — відавочны таму прыклад. Гэта пэнсіі як у Расеі, заробкі. Там узровень жыцьця вышэйшы».

«У гэтым камэнтары, я лічу, ёсьць заклік да ліквідацыі беларускай дзяржаўнасьці, — кажа Ігар Маслоўскі. — Пісаць падобныя рэчы, прычым пісаць публічна на сайце, які чытаюць тысячы людзей, чалавек ня мае права. Таму я і зьвярнуўся ў тую дзяржаўную інстанцыю, якая адказвае за захаваньне канстытуцыйнага ладу. Я прашу КДБ у межах сваіх паўнамоцтваў прыняць меры па недапушчэньні такіх заклікаў і асабліва іх наступстваў. Тым болей, у гэтым камэнтары спасылаюцца на вопыт Крыму, а гэта ўжо канкрэтны прыклад, як трэба дзейнічаць зь Беларусьсю».

Спадар Маслоўскі мяркуе, што выявіць асобу камэнтатара спэцслужбам не складана.

«Пытаньне ў тым, якія прымяняць адэкватныя меры, каб такіх камэнтароў больш не зьяўлялася. І як зрэагуюць кампэтэнтныя службы, якія адказваюць за захаваньне канстытуцыйнага ладу Беларусі».

Актывіст спадзяецца, што пэўная праца з боку КДБ будзе праведзеная.