То тут, то там стаялі кіроўцы з адкрытымі капотамі й варажылі над сваімі заглухлымі рухавікамі й замарожанымі акумулятарамі.
Добра, калі цябе такая праблема накрыла каля дому. А што, калі ў іншым раёне? А калі да таго ж у цябе ў машыне дзеці або старыя...
Што людзі робяць у такіх выпадках? Слушна, як у тым ток-шоў, націскаюць опцыю — «званок сябру». Я, прыкладам, гэтак і рабіў. Сябры на тое й сябры, каб дапамагаць.
Зноў жа добра, калі сябра акажацца здольным дапамагчы, а калі не? Альбо калі яго няма ў хуткай дасяжнасьці.
Лавіць дапамогу, галасуючы на дарозе, ці званіць таксёру малавынікова, дый няма ў людзей даверу ні да стопераў на дарогах, ні да таксёраў. А часьцяком няма дастаткова грошай. Таму то тут, то там у той люты мароз сустракаліся кінутыя проста на дарозе аўтамабілі.
Партал tut.by распавёў пра хлопцаў, што зарганізаваліся дапамагаць тым, каго засьпела такая праблема. Дапамагаць бясплатна.
Арганізатара суполкі «ўзаемадапамога на дарогах» у сацыяльнай сетцы «вконтакте» Сьцяпана Мардвінава калісьці самога напаткала гэткая праблема, але я ўласна не зусім пра гэта.
Я пра тое, што людзі сёньня даволі часта самаарганізуюцца ў падобныя сацыяльныя групоўкі, дзе галоўнае — бескарысьлівая дапамога. І гэтых людзей набіраецца шмат, і яны зусім розныя паводле свайго сацыяльнага статусу, прыбытку й занятку.
Што іх штурхае яднацца, каб дапамагчы камусьці абсалютна незнаёмаму?
У кожнага чалавека, нават у самага заўзятага аматара капіталізму, выходзіла ў жыцьці хоць раз дапамагчы камусьці проста так. Прасякнуцца сытуацыяй чыёйсьці бездапаможнасьці, разгубленасьці, недасьведчанасьці і... проста дапамагчы.
Памятаеце тое пачуцьцё — ненайгранае, шчырае ўдзячнасьці таго, каму вы дапамаглі.
Зь іншага боку, памятаеце тое пачуцьцё нейкай нявызначанай нутраной радасьці ад таго, што вы дапамаглі.
Выратаваць чалавека ў цяжкай сытуацыі без задняй думкі пра магчымыя дывідэнды ад зробленага — гэта кайф. Чым складанейшая сытуацыя, тым большы кайф. Кайф для абодвух.
І жыцьцядайная энэргія таксама для абодвух.
Шчырасьць у гэтым працэсе — як галоўны, пяты элемэнт, які яднае неяднальнае.
Шчырасьць — гэта тое, што наша грамадзтва згубіла, і вось гэтак, праз падобныя ініцыятывы звычайных людзей, што нараджаюцца як бы спантанна, спрабуе асьцярожна намацаць.
Грамадзтва наша неяк незаўважна згубіла тую шчырасьць у віхурах палітычнае барацьбы і эканамічных калапсах сярэдзіны 1990-х. Яно на самых розных узроўнях і ў самых розных сваіх іпастасях прадавала й прадае тую сваю шчырасьць то за ўладу, то за статус, то за грошы, то за гранты, то за невядома што і... губляе разам са шчырасьцю радасьць жыцьця. Кайф.
Але ні грамадзтва, ні чалавек бяз радасьці жыць ня можа. Ня можа і ўсё.
Радасьць — як жыцьцядайная хімічная рэакцыя, безь якой жыцьцёвыя працэсы ў любым жывым арганізьме прыходзяць да заняпаду.
Таму і паўстаюць то тут, то там розныя людзкія ініцыятывы, галоўная мэта якіх, шчыра кажучы, не дапамагчы завесьці ў жорсткі мароз машыну бедаку-незнаёмцу ці дапамагчы знайсьці згубленага сабаку, але менавіта зрабіць сваю ўласную й агульную атмасфэру трошкі болей шчырай і сапраўднай, а значыць трошкі больш радаснай, то бок трошкі болей прыдатнай да нармальнага чалавечага жыцьця.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.