Падзеі 14 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня
Дата дня
14 студзеня 1942 году ў вёсцы Высокі Гарадзец Талачынскага раёну нарадзілася беларуская паэтка і перакладчыца Вера Вярба.
Таксама ў гэты дзень
1927 — паліцыя Польшчы арыштавала лідэраў Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Сярод іх быў і беларускі мовазнаўца Браніслаў Тарашкевіч.
1989 — у Вільні на II Вальным сойме беларускіх суполак заснаваная Канфэдэрацыя беларускіх моладзевых суполак.
1995 — у Нясьвіжы адкрыўся гістарычна-краязнаўчы музэй
2011 — падчас Язьмінавай рэвалюцыі ў Тунісе кіраўнік дзяржавы Зін аль-Абідзіна Бэн Алі пакінуў пасаду прэзыдэнта.
У гэты дзень нарадзіліся
1893 — Канстанцыя Буйло, беларуская паэтка.
1916 — Уладзіслаў Чарняўскі, беларускі каталіцкі сьвятар, перакладчык Бібліі і катэхізіса на беларускую мову.
1920 — Мікола Аўрамчык, беларускі паэт.
1926 — Янка Філістовіч, удзельнік антысавецкага падпольнага руху.
1939 — Васіль Шаранговіч, беларускі мастак, майстар кніжнай і станковай графікі.
1980 — Андрэй Курэйчык, беларускі сцэнарыст і рэжысэр.
У памяці
1898 — памёр Льюіс Кэрал, брытанскі пісьменьнік, аўтар «Алісы ў Краіне цудаў».
2005 — памёр Браніслаў Плотнікаў, беларускі мовазнаўца.
2015 — памёр Мікалай Тарасюк, беларускі разьбяр.
Афіша. Шчодрык у беларускім скансэне
«Шчодрык» — гэта вечар напярэдадні Новага году паводле старога стылю, які зьвязвалі з гатаваньнем другой «шчодрай куцьці». Шчадроўнікі абыходзілі гуртам двары, сьпяваючы калядкі.
Наведнікі музэй народнай архітэктуры і побыту змогуць убачыць аўтэнтычны калядны абрад і «Жаніцьбу Цярэшкі» — адну з формаў каляднага абрадавага ігрышча.
Беларускі дзяржаўны музэй народнай архітэктуры і побыту (вёска Азярцо, Менскі раён).
Пачатак а 13-й гадзіне.
Квіткі каштуюць 3–8 рублёў. Дзецям дашкольнага ўзросту ўваход вольны.