Расейскі апазыцыянэр Ільдар Дадзін, асуджаны на 2,5 года калёніі і этапаваны ў невядомым кірунку на пачатку сьнежня 2016 году, знайшоўся на Алтаі. Гутарку зь ім на сайце «Территория пыток» апублікавала ягоная жонка Анастасія Зотава.
Ільдар Дадзін — першы ў Расеі асуджаны паводле артыкулу «неаднаразовае парушэньне вызначанага парадку арганізацыі альбо правядзеньня мітынгаў», прызнаны Amnesty International вязьнем сумленьня. Перад зьнікненьнем ён у дэталях распавядаў СМІ пра жорсткія катаваньні ў калёніі.
Калі праваабаронцы і родзічы згубілі Дадзіна пасьля этапаваньня на пачатку сьнежня 2016 году, у рунэце пачалася акцыя #ГдеИльдарДадин. Эўрапейскі суд у пытаньнях правоў чалавека абавязаў Расею да 9 студзеня паведаміць, дзе знаходзіцца зьняволены актывіст. 5 студзеня ўпаўнаважаная ў пытаньнях правоў чалавека ў РФ Тацяна Маскалькова паведаміла, што Дадзін прыбудзе на новае месца выкананьня пакараньня 9-10 студзеня, але не назвала месца.
Дадзін расказаў жонцы, што ў час этапаваньня «адпачываў ад гэтай фашысцкай калёніі». На новым месцы «стала лепей толькі ў тым, што сталі паліць у ШЫЗА», а таксама «прыбралі гэтую музыку „Любэ“, якая раўла ў час зьбіваньняў».