Праваслаўныя вернікі адзначаюць Раство. Многія зь іх яго сустрэлі ў цэрквах. У магілёўскі Сьвята-Мікалаеўскі сабор адзначыць нараджэньне Збаўцы вернікі прыходзілі сем’ямі. Бязьлюднай найстарэйшая ў горадзе сьвятыня не заставалася ні на хвіліну.
У царкве людзі падоўгу маліліся, ставілі сьвечкі, дзівіліся на іканастас, фатаграфаваліся ля бажніцы на фоне Хрыстовых ясьляў.
«Раство дае надзею, што з намі нічога кепскага ня здарыцца, прынамсі ў надышоўшым годзе. Менавіта з надзеяй на найлепшае я ўспрымаю гэтае сьвята. Такім спрабую яго падаць і сваім дзецям», — казала адна зь верніц.
«Раство — гэта сьветлае сьвята для ўсіх праваслаўных вернікаў, — працягнула гутарку яшчэ адна прыхаджанка Сьвята-Мікалаеўскага сабору. — У гэты дзень нарадзіўся Хрыстос, наш збаўца. І гэтай падзеі радуюцца людзі. Мы ў гэтую сьвятыню прыходзім ужо шаснаццаць год. Тут мы хрысьцілі сваю дачку».
«Чалавеку бязь веры жыць нельга. Ён мусіць у нешта верыць. Нават атэісты ў нешта вераць», — далучыўся да гутаркі мужчына сталага веку.
«Раство — гэта пачатак жыцьця, — працягвае ён. — Дзень большае. І хоць сёньня сьцюдзёна, але сонца не хаваецца. І гэта добры знак, што ў нас усё будзе добра».
Некаторыя зь вернікаў прызнаваліся, што традыцыя адзначаць Раство пакуль ня мае ў іхных сем’ях глыбокіх каранёў, а наведваньне царквы — адзінае, што яны ведаюць пра гэтае сьвята.
«Прыходзім сям’ёй. Як умеем — молімся. Даводзім сваім дзецям, што варта хадзіць у царкву», — падзяліўся адзін з наведнікаў царквы.
«Цяжка ў нас атрымліваецца з гэтым выхаваньнем, — кажа ён. — Мы нарадзіліся ў савецкія часы. Пра веру ў Бога тады нам ніхто не казаў. Бацькі самі цураліся царквы, а цяпер да яе ходзяць. І мы водзім сваіх дзяцей, але прызнаюся, што самі ня ведаем толкам, як сябе трэба паводзіць у царкве».
«Цяжкавата адраджаць традыцыі. Гэта праўда», — пагадзілася адна зь верніц, якая прывяла групу дзяцей на калядную пастаноўку ў царкву.
«Шмат чаго згублена. Няма пераемнасьці пакаленьняў. Дзякаваць Богу, што і самі дзеткі, і іхныя бацькі ходзяць у храм і нядзельную школку. Мы закладаем пакуль зярняткі. Спадзяемся, што яны прарастуць, і наша праца ня будзе змарнаванай», — падсумавала яна.
«Гэта вялікае хрысьціянскае сьвята і яго спакон вякоў адзначалі. Самае галоўнае — схадзіць у царкву, — адрэагавала на пытаньне журналіста пра сэнс Раства адна зь верніц. — Штодня ў нас не атрымліваецца хадзіць у царкву, а ў гэты дзень абавязкова ходзім. Сын у нас нарадзіўся напярэдадні Раства, таму для нас яно — падвойнае сьвята».
«Мы сёньня запяклі ў печцы гуся. У нас такая склалася традыцыя на Раство, — кажа яшчэ адзін наведнік царквы. — Абавязкова наведваем царкву на гэтае сьвята. Просім у Бога здароўя. Прыедзем з царквы, за сталом пасядзім. Гэта адзначаем Раство».
Раство — гэта ж сямейнае сьвята. Зьбіраемся ўсёй сям’ёй і ідзём у царкву, — працягнула гутарку маладая жанчына. — У гэты дзень нават дарослыя чакаюць нейкага свайго маленькага цуду. Пасьля царквы адчуваецца лёгкасьць. Пазбаўляесься ад грахоў«.
«Для мяне Раство — гэта ачышчэньне душы ад грахоў, — дадала ўжо жанчына сталага веку. — Гэта сьвята дае надзею, што ў нашых душах будзе меней зьбірацца грахоў. У царкву ходзім толькі па сьвятах. Хацелася б часьцей, але не выходзіць. Працуем. Але на выхадных прыходзім і молімся за ачышчэньне душы сваёй і са спадзевам на паляпшэньне маральнага стану ды й троху матэрыяльнага».