Падазраваная ў забойстве ігуменьні ў Барані мае беларускае грамадзянства

Сьвята-Еліcавецінскі манастыр у Менску, дзе забітая была паслушніцай і прыняла пострыг.

У вёсцы Барань Барысаўскага раёну забітая ігуменьня Cьвята-Ксеньнеўскага жаночага манастыра маці Васіліса. Злачынства было ўчыненае 5 студзеня пасьля 21.00. Падазраваную затрымалі.

Як паведаміла БелаПАН афіцыйная прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Менскай вобласьці Тацяна Беланог, па факце забойства ігуменьні распачатая справа на падставе арт. 139 Крымінальнага кодэксу. У дачыненьні да падазраванай прызначаная псыхоляга-псыхіятрычная экспэртыза.

«Упраўленьне СК Менскай вобласьці ўсебакова разьбіраецца ў абставінах здарэньня, — сказала Беланог. — З удзельнікамі трагічнай падзеі працуюць сьледчыя. Кіраўніцтвам УСК ход высьвятленьня абставінаў здарэньня ўзяты на кантроль».

Паводле інфармацыі Барысаўскай япархіі Беларускай праваслаўнай царквы, у нападзе на ігуменьню Сьвята-Ксеньнеўскага жаночага манастыра маці Васілісу падазраецца 29-гадовая ўраджэнка Казахстану, якая жыве пры манастыры. Падазраваная доўгі час жыве ў Беларусі і мае беларускі пашпарт. Жанчыну часова прытулілі ў манастыры, жадаючы дапамагчы ў вырашэньні жыцьцёвых праблемаў. «На працягу яе знаходжаньня ў манастыры, асабліва напярэдадні таго, што здарылася, адзначалася псыхічнае расстройства маладой жанчыны, якое і стала прычынай яе страшнага ўчынку», — паведамляе прэсавая служба япархіі.

Раніцай 6 студзеня ў манастыры прайшла памінальная служба па ігуменьні Васілісе, якую ўзначаліў япіскап Барысаўскі і Марʼінагорскі Веньямін. У малітве ўзялі ўдзел сёстры манастыра, а таксама прадстаўнікі абласной і раённай адміністрацыі.

Разьвітаньне адбудзецца 8 студзеня.

Згодна з інфармацыяй сайту Cьвята-Ксеньнеўскага манастыра, ігуменьня Васіліса (Мядзьведзь) нарадзілася 10 сакавіка 1949 году ў горадзе Сосьніца Чарнігаўскай вобласьці (Украіна). Скончыла гістарычны факультэт Чарнігаўскага пэдагагічнага інстытуту. Выкладала ў школе. Была прыхаджанкай Петрапаўлаўскага сабору ў Менску, пасьля ўтварэньня Елісавецінскага сястрынства пры саборы стала сястрой міласэрнасьці. У 2001 годзе служыла паслушніцай Сьвята-Елісавецінскага жаночага манастыра пад Менскам, потым прыняла пострыг. З 2004 году з блаславеньня мітрапаліта Менскага і Слуцкага Філарэта, патрыяршага экзарха ўсяе Беларусі, стала ігуменьняй Сьвята-Ксеньнеўскага жаночага манастыра ў вёсцы Барань Барысаўскага раёну.