Шаснаццаціградусны мароз, які ўсталяваўся ў Гомелі пасьля плюсавой тэмпэратуры, унёс карэктывы ў заплянаваныя на 6 і 7 студзеня калядныя імпрэзы — адменены ўсе канцэртныя мерапрыемствы на адкрытых пляцоўках гораду.
Пра гэта гарвыканкам паведамляе на сваім афіцыйным сайце. Адмена патлумачана прыходам у Беларусь халоднага, з маразамі і завеямі, цыклёну «Аксэль». У калядную ноч, паводле прагнозу сыноптыкаў, слупок тэрмомэтра апусьціцца да мінус 22 градусаў.
Паводле інфармацыі мэдыкаў, ад пачатку халоднага сэзону ў апёкавы цэнтар Гомельскага гарадзкога клінічнага шпіталя № 1 зьвярнуліся з прычыны пераахалоджваньня шасьцёра гараджанаў, дваіх зь іх шпіталізавалі.
У папярэднюю зіму мэдыкі аказалі дапамогу з прычыны абмарожваньня 19 грамадзянам, у тым ліку дзіцяці. Пяцярым пацыентам спатрэбіліся апэрацыі, аднаму мужчыну ампутавалі да каленяў абедзьве нагі.
Асабліва цярпяць у маразы гарадзкія бяздомнікі.