Духоўнік Лукашэнкі: рэакцыя ісламскага сьвету на так званых хрысьціян — зразумелая

Настаяцель Усіхсьвяцкага прыходу Менску айцец Фёдар Поўны, якога ў СМІ называюць «духоўным» Аляксандра Лукашэнкі, даў інтэрвію інтэрнэт-тэлебачаньню парталу sb.by

«Сьвет разбураецца на нашых вачах. Нагодай для сутычак зьяўляюцца палітычная, нацыянальная і канфэсійная нецярпімасьць. Па ўсім сьвеце гінуць людзі ад тэрарызму», — сказаў сьвятар.

На пытаньне гледача, ці ёсьць у сучасным сьвеце культурна-рэлігійнае супрацьстаяньне ісламу і хрысьціянства, ці можна канстатаваць дэмантаж хрысьціянства ў Заходнім сьвеце і што робіць Праваслаўная царква, каб гэты працэс спыніць, Фёдар Поўны адказаў:

«Царква не павінна рабіць нічога, што выходзіць за рамкі яе місіі. Але тое, што Эўропа сёньня адраклася ад Хрыста, тое, што Эўропа сёньня адракаецца ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў — гэта відавочны факт. І, уласна, тое, што выклікае рэакцыю мусульманскага, ісламскага сьвету на так званых хрысьціян — яна зразумелая і відавочная».

Сьвятар выказаў трывогу ў сувязі з тым, што сёньня людзям навязваюцца ненатуральныя нормы маралі.

«Калі хрысьціяне разам ня стануць на абарону сваіх каштоўнасьцяў, то нашы дзеці тое духоўнае бязьмежжа і непарадкі, якія чыняцца цяпер, прымуць за норму. Наш абавязак — казаць пра гэта ўсяму сьвету».