Апостальскі нунцый: «Перш чым папа прыедзе ў Беларусь, важна пераканацца, што яго візыт успрымуць станоўча»

Папа Рымскі Францішак падчас традыцыйнага пасланьня Urbi et orbi (Гораду і Сьвету) з балькона Сабора Святога Пятра ў Ватыкане. 25 сьнежня 2016 году

Каб візыт папы Рымскага ў Беларусь адбыўся, Ватыкан павінен пераканацца, што яго прыезд будзе ўспрыняты ўсімі аднолькава станоўча, заявіў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр.

«Візыт папы — зьява, якая павінна памнажаць любоў, гармонію, мір, усё самае станоўчае, што можа прачуць абсалютна кожны чалавек у гэтай краіне — ня толькі каталікі, але і ўсе іншыя хрысьціяне, мусульмане, атэісты і гэтак далей», — сказаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Габар Пінтэр у інтэрвію агенцтву БелаПАН.

«Гэта павінна быць зьявай, якая ўмацоўвае братэрства людзей, але не павінна быць чымсьці, што можа разьдзяліць людзей, з-за чаго могуць узьнікнуць канфлікты і нязгода».

«Я ведаю, што паміж людзьмі рознай веры ў Беларусі гістарычна панаваў мір і гармонія. Але папа, калі ён наведае Беларусь, прыедзе ня проста як прыватная асоба або біскуп Рыму. Ён зьяўляецца кіраўніком дзяржавы, субʼектам міжнароднага права, таму яго візыт у любую краіну сьвету мае міжнародны кантэкст», — падкрэсьліў спадар Пінтэр. Толькі пасьля таго, як будзе ўладжанае гэтае пытаньне, можна будзе пераходзіць да тэхнічных дэталяў арганізацыі візыту, дадаў кіраўнік дыпмісіі Сьвятога пасаду.