Пра гэта паведамляе ТАСС.
Рашэньне адміністрацыі Барака Абамы Дзьмітрый Пяскоў назваў «абсалютна непрадказальнай праявай агрэсіі», якая да таго ж наносіць удар па замежнай палітыцы будучага прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
«Мы лічым, што такія рашэньні дзейнай адміністрацыі (якой, дарэчы, засталося працаваць тры тыдні), перасьледуюць дзьве мэты: гэта канчаткова сапсаваць расейска-амэрыканскія дачыненьні, якія і без таго ляжаць на дне, а таксама, як відаць, нанесьці ўдар і па зьнешнепалітычных плянах будучай адміністрацыі абранага прэзыдэнта ЗША», — сказаў Пяскоў.
«Будучай адміністрацыі (Белага дома) і абранаму прэзыдэнту (Трампу) навязваецца мадэль паводзінаў», — прадоўжыў прадстаўнік Крамля. Паводле Пяскова, у Маскве ня ведаюць, ці згодны Трамп на гэтую мадэль, бо паміж ім і Пуціным яшчэ не было сурʼёзных кантактаў.
Афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава назвала адміністрацыю Белага дома «групай зьнешнепалітычных няўдачнікаў, пакрыўджаных і недалёкіх».
«Сёньня Амэрыка, амэрыканскі народ былі прыніжаныя сваім жа ўласным прэзыдэнтам. Не міжнароднымі тэрарыстамі, ня войскам праціўніка. На гэты раз аплявуху Вашынгтону нанёс ягоны ж гаспадар, максымальна павялічыўшы колькасьць неадкладных спраў для новай каманды», — напісала яна ў сваім «Фэйсбуку».