29 сьнежня зроблены агляд усіх элемэнтаў корпусу рэактара, які напярэдадні быў дастаўлены на будаўнічую пляцоўку АЭС. Пра гэта паведамляецца на сайце Беларускай АЭС.
У аглядзе рэактара бралі ўдзел прадстаўнікі генэральнага канструктара, завода-вытворцы, Беларускай чыгункі, кампаніі-перавозчыка, страхавой кампаніі, замоўцы і генпадрадчыка.
«Для агляду бурта апорнага быў зьняты ахоўны кажух. У выніку агляду ніякіх пашкоджаньняў не выяўлена», — гаворыцца ў паведамленьні.
26 сьнежня падчас перавозкі корпусу рэактара для Беларускай АЭС на станцыі «Слаўнае» Беларускай чыгункі адбыўся «нязначны дотык мэталічнага транспартнага кажуха, які абараняе бурт апорны корпусу рэактара, з полай жалезабэтоннай апорай кантактнай сеткі». Пры гэтым хуткасьць руху саставу складала каля 3 км у гадзіну.
У чацьвер амбасадару Беларусі ў Вільні Аляксандру Каралю была ўручаная нота з просьбай у тэрміновым парадку даць вычарпальную інфармацыю пра яшчэ адзін інцыдэнт з корпусам рэактара астравецкай атамнай электрастанцыі, паведаміла Міністэрства замежных спраў Літвы.
У дакумэнце МЗС просіць дбайна расьсьледаваць гэты інцыдэнт і праінфармаваць Літву, суседнія дзяржавы і Міжнароднае агенцтва атамнай энэргетыкі (МАГАТЭ) аб выніках расьсьледаваньня. У ноце выказваецца вялікая заклапочанасьць у сувязі з паўторам інцыдэнтаў на АЭС, пра якія Літва даведалася не з афіцыйных крыніц Беларусі, а са СМІ.
27 сьнежня прадстаўнікі Беларускай антыядзернай кампаніі выступілі з адмысловаю заяваю з нагоды чарговай няштатнай сытуацыі на БелАЭС. Яны лічаць неабходным цалкам спыніць будаўніцтва БелАЭС і правесьці комплекснае расьсьледаваньне парушэньняў.