Што агульнага ў «Песьні пра зубра» зь «Песьняй песьняў»?

Да 500-годзьдзя беларускай Бібліі.


1. Купляй і будуйся, замежнік бязьлесны!

«Regio campestris et huius indiga materiae constituatque domos».

Вокладка “Песьні пра зубра”



Гэткім быў першы беларускі рэклямны слоган. «Раўнінныя каралеўствы, каб ім былі матэрыялы для пабудовы дамоў», або у паэтычным перастварэньні Язэпа Семяжона — «Купляй і будуйся, бязьлесны!» Аўтар гэтага, зьвернутага да папы Рымскага ды іншых эўрапейскіх уладатрымцаў, слогану — паэт і дыплямат Мікола Гусоўскі.

У 1523 годзе ў Кракаве на тадышняй лінгва франка, лаціне, выйшла вершаваная паэма «Песьня пра зубра». Паэма, якую ў сучаснай школе падаюць як «роздум пра лёс і месца Радзімы на шляхах гісторыі» або як «энцыкляпэдыю шляхецкага жыцьця», насамрэч была прафэсійна выштукаваным іміджавым ролікам. Рэклямным праспэктам, выпушчаным на заказ Эразма Вітэліюса, кіраўніка пасольскай місіі Вялікага Княства Літоўскага ў Ватыкане і наўпроставага начальніка Гусоўскага («тут спроба мая, а рашэньне чужое»).

У паэме зубар, — а таксама зубрынае аблічча, дзікасьць і паляваньне на яго, —сталіся толькі зачэпкай. Гусоўскі мусіў даступнымі на той час сродкамі адрэклямаваць эўрапейцам сыравінныя выгоды — пушчы і зручныя гандлёвыя трасы — рэкі. Нібыта выхваляючы прыязны клімат нашых шыротаў Гусоўскі насамрэч апісаў клімат палітычны ды інвэстыцыйны. Беларусь у паэме найперш — фарпост заходніх каштоўнасьцяў (і рынкаў) перад навалай усходніх барбараў, да якіх аўтар прылічае крымскіх татараў, туркаў і маскавітаў:

«Войны вядзем мы за ўвесь безудзельны сьвяшчэнны брацкі саюз хрысьціянства з навалай з усходу».

Нібыта апісваючы норавы айчыннай шляхты, дыплямат насамрэч запэўнівае чытачоў у падабенстве эўрапейскай і беларускай палітычнай сыстэмы, якім уласьцівы асьвечаны фэадалізм з эфэктыўнай сыстэмай прыгону. І гэта ўжо нават ня ўзгадваючы агульную з эўрапейцамі валюту — талер.

Вылучыўшы слоган, сфармулюем і мэсыдж паэмы:

«Шаноўныя эўрапейскія інвэстары, you are most welcome! Калі ласка — пад самым вашым бокам — цывілізаванае гаспадарства зь вялікім сыравінна-гандлёвым патэнцыялам ды з зразумелымі вам правіламі гульні для вядзеньня пасьпяховага бізнэсу».

2. «Бултых падазронага ў воду»

Але Мікола Гусоўскі так бы і застаўся дыпляматам са здольнасьцямі капірайтэра, калі б у заказным, каньюнктурным творы не скруціў сваю літаратурную хвігу ў кішэні. Бо зрэшты зь «Песьняй» атрымалася ня так, як было запраграмавана рэклямным жанрам. «Песьня пра зубра» стала ня толькі раскошным габэленам — па-за багатым малюнкам хаваўся патаемны лаз у беларускае сукрытае. Між радкоў праступаў нястрыманы нораў сярэднявечных літвінаў ды ня самыя сымпатычныя іх якасьці: легкадумная няўпэўненасьць, або наадварот — бяздумная зацятасьць. Акрамя выхваленьня і выгодаў — няёмкая праўда: «Летам заўсёды занятыя ў кровапраліцьцях, войнах усобных, якім ні канца ні пачатку».

Паляваньне? О, у тым ліку і на вядзьмарак:

Там той, хто вядзьмачыць ці знаецца з д’ябальскай сілай —
Зараз жа суд і расправа: няшчаснага схопяць
І, перавіўшы пастронкамі рукі і ногі,
Цягнуць к рацэ — і бултых падазронага ў воду.


Не абыдзены ў «Песьні» і ўзор моднай тады абсалютысцкай улады. Вось апісваецца панаваньне Вітаўта, які жыў за сто гадоў да Гусоўскага:

...Сам і прысуд вінаватым выносіў, а тыя,
Цяжкасьць віны ўсьведамляючы, зь ціхай пакорай
Самі прысьпешвалі час непазьбежнае сьмерці.


Калі ласка — у арганізаваным парадку ахвяры з энтузіязмам паўзуць у бок эшафота.

Калі іронія немагчымая, тады Гусоўскі замятае свае колкасьці ў непрыкметныя куты. У саменькім канцы паэмы, калі, здаецца, усё сказана было вышэй, Гусоўскі шпурляе на стол сваё меркаваньне пра айчынны істэблішмэнт, «стражы па назьве, а так, па сутнасьці — зграя ваўкоў» (пераклад Уладзімера Шатона).

Марк Шагал. Саламона абвяшчаюць царом



3. Матка ўсіх іміджавых ролікаў

Біблійная «Трэцяя кніга Царстваў» — матка ўсіх іміджавых ролікаў, прапрабабка «Песьні пра зубра». Хіба што ў адрозьненьне ад «Песьні» мэтавая аўдыторыя «Трэцяй кнігі» — не замежнікі, а найперш падданыя Юдэйскага Царства, якіх масава заклікаюць любіць паноўную дынастыю.

Эпоха цара Саламона паводле «Трэцяй кнігі» — па-багатаму зьнятая прапаганда. Тут шмат запрошаных зорак — заморскія цары з адкрытым ротам слухаюць мудрасьці Саламона. Выплывае з-за барханаў імпазантная царыца Саўская і яе стракаты картэж. На падтанцоўках — купцы і гастарбайтэры з усіх куткоў сьвету. І дзесьці там зусім у пэрспэктыве — масоўка: караваны дыпляматычных місіяў з Міжрэчча і Эгіпту цягнуцца на Сыёнскую гару, каб у ахвотку сплаціць цару належную даніну.

Калі цар Давід — поўны супярэчнасьцяў пэрсанаж, у пакутах і крыві выкшталцоўвае сваю дынастыю, дык ягоны сын Саламон — сама станоўчасьць. Ідэальны манарх, які перамог неяк усіх і адразу. Шчодры, разумны, літасьцівы, грамадзейскі. Лёгкі і элегантны. Ён — вялікі бізнэсовец, будаўнік, каханак і пісьменьнік.

У цара Саламона ўсяго шмат — грошай, коней, падпарадкаваных гарадоў. Калі Саламон ахвяруе быкоў, дык колькасьць сягае чатырох нулёў, а як вырашыў ажаніцца, дык спыніцца здолеў толькі, калі лік абраньніц пераваліў за тысячу (на той час кожная пятая дарослая жанчына ў Ерусаліме). Шырокія міжнародныя сувязі. Пры Саламоне дынастыя ўпершыню прымярае імпэрскую мантыю. Нават пабудова Эўрасьлімскага храму — транснацыянальны будаўнічы праект, у якім задзейнічаныя збольшага імпартныя будаўнічыя матэрыялы і пераважна падрадчыкі-іншаземцы.

Саламонава краіна — ідэальна пабудаваная дзяржава, у якую абавязкова хочацца патрапіць. Заклік з мінуўшчыны, які праграмуе будучыню. Укладаньне тэксту «Трэцяй кнігі» адбывалася ў VII стагодзьдзі да нашай эры — дзьвесьце гадоў пасьля Саламона, то бок у час, калі дынастыя Давіда, бацькі Саламона, па-ранейшаму панавала ў Ерусаліме.

«І жылі Юда і Ізраіль спакойна, кожны пад сваім вінаграднікам і пад сваёю смакоўніцаю, ад Дана да Вірсавіі, ва ўсе дні Саламона» (ІІІ Ц., 4:25).

Адным словам, «купляй і будуйся, нашчадак бязьлесны».

Скарынаўская Біблія, ілюстрацыя да “Трэцяй кнігі Царстваў”



4. Праўду пісаць лёгка і прыемна

Але аўтар(ы) Бібліі не былі б добрымі літаратарамі, калі б пакінулі панэгірык, і не сказаўшы сьцішанага «фэ» расьпіяранаму ўладатрымцу. Бо хутка, вельмі хутка пасьля сьмерці Саламона адбудзецца паняволеньне Ізраільскага царства Асырыйскай імпэрыяй. І ўжо наступная, «Чацьвёртая кніга царстваў», зробіцца цьвярозьлівай справаздачай пра руйнаваньне Ерусаліму.

Усё роўна як у «Песьні пра зубра» голая праўда замеценая аўтарам(і) Бібліі ў самы кут. У менш прыкметныя вершы ды ў другасныя разьдзелы. Вось жа, у рамантычнай частцы Бібліі, «Песьні песьняў», нібыта мімохадзь падаецца такое апісаньне сьвятое сьвятых таго часу — царскай спальні:

«Вось ложак Саламонаў: шэсьцьдзесят мужчын навокал яго, герояў Ізраільскіх. І кожны мечам апярэзаны, кожны навучаны біцца, у кожнага меч пры баку супраць страху начнога» (Песьня 3:7, пераклад Сяргея Шупы).

Ну, далібог! Усімі абажанага, абагомленага, упэўненага ў сябе манарха, па пэрымэтры — нават не палаца, а ўласнага ложка! — вымушаныя ахоўваць ні больш ні менш, як падразьдзяленьне спэцназу! А сам сьветач пакаленьня трымціць, як асінавы лісток.

Атлясныя прасьціны адшморгнуліся. У днішчы царскага ложка зеўрае лаз да сукрытых безданяў Саламонавага цараваньня...