Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў заявіў, што сталіца ягонай дзяржавы Астана гатовая да правядзеньня перамоваў паміж Расеяй, Іранам і Турэччынай пра канфлікт у Сырыі. Пра гэта казахстанскі лідэр заявіў 26 сьнежня ў Санкт-Пецярбургу, дзе сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
Нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Казахстану «Казінфарм» таксама паведаміла, што Назарбаеў нядаўна кантактаваў з гэтай нагоды з прэзыдэнтамі Турэччыны і Ірану і атрымаў іхную згоду на гэты плян.
Пуцін заявіў 23 сьнежня, што Расея, Іран, Турэччына і прэзыдэнт Сырыі Башар Асад пагадзіліся з тым, што нэўтральны Казахстан павінен стаць месцам для новых сырыйскіх мірных перамоваў. Расейскі лідэр сказаў, што іх патэнцыйныя ўдзельнікі даказалі эфэктыўнасьць сваіх дзеяньняў праз арганізацыю спыненьня агню і эвакуацыі з Алепа, і цяпер яны гатовыя паспрабаваць пашырыць рэжым спыненьня агню на ўсю Сырыю і пачаць шырокія мірныя перамовы.
Расея, Іран і Турэччына раней абвясьцілі, што яны будуць выступаць «гарантамі» любога мірнага пагадненьня, дасягнутага паміж сырыйскім рэжымам, які падтрымліваецца Тэгеранам і Масквой, і сіламі паўстанцаў, значная частка якіх арыентуецца на Турэччыну.