26 сьнежня ў Маскоўскім судзе Менску аднаўляецца працэс над удзельнікам Плошчы-2010 Уладзімерам Кондрусем.
Разгляд яго справы пачаўся 16 лістапада, але праз гадзіну перапыніўся. Абвінавачваны на знак пратэсту лёг на падлогу, а потым пачаў рэзаць вены. Да Кондруся была выкліканая «хуткая дапамога», яго вывелі з судовай залі, а судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка пастанавіла прыпыніць працэс і адправіць падсуднага на комплексную псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу ў Навінкі.
Жыхара Рудзенску Ўладзімера Кондруся абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках падчас акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.
На фатаздымках той ночы можна знайсьці некага падобнага да Кондруся, хто бʼе шыбы ля ўваходу ў Дом ураду.
Уладзімер Кондрусь быў затрыманы ў чэрвені 2016 году, да таго ён удзельнічаў у шэрагу мірных пратэстаў, у тым ліку ў акцыях прадпрымальнікаў увесну 2016-га, дзе, як мяркуюць ягоныя сваякі, спэцслужбы зьвярнулі на яго ўвагу.
Актывісту пагражае ад 3 да 8 гадоў зьняволеньня. Праваабаронцы Беларусі прызналі Ўладзімера Кондруся палітвязьнем і патрабуюць ягонага вызваленьня ды спыненьня крымінальнага перасьледу. Дакладна невядома, ці прызнае сябе Ўладзімер Кондрусь вінаватым.