Грамадзянін Беларусі Кірыла Сілівончык, які адседзеў два гады ў Расейскай Фэдэрацыі па абвінавачваньні ў публічных закліках да тэрарызму за пасты ў сацыяльных сетках, вярнуўся ў Беларусь.
Уезд у Расею яму забаронены на 5 гадоў.
Сілівончык прыляцеў у Менск позна ўвечары 21 сьнежня з Масквы. Яго сустракалі журналісты і сястра Кацярына.
Сілівончык распавёў, што з ізалятара для замежнікаў яго везьлі 9 гадзінаў у наручніках.
«Нармальна сябе адчуваю, даехалі без затораў. Ехалі недзе 9 гадзінаў бязь ежы, безь нічога, адзін прыпынак быў. Наручнікі, усё баліць. Такія ўмовы», — сказаў ён адразу пасьля прылёту.
Кірыла Сілівончык кажа, што стаўленьне да яго з боку расейскіх праваахоўных органаў і супрацоўнікаў калёніі было «паважлівым».
«Стаўленьне да мяне было паважлівае, ніякіх катаваньняў у дачыненьні да мяне ці пагроз у мой бок не было», — кажа ён.
Ня думаў, што за такое могуць пасадзіць і даць канкрэтны тэрмін
Камэнтаваць сутнасьць сваёй справы і прысуд Сілівончык адмаўляецца, але кажа, што ніколі ня думаў, што такое можа адбыцца. «Шмат хто казаў пасьля суду, што гэта было заказное, што я пісаў дзеля грошай, — тлумачыць Кірыл. — Але нічога такога не было. Тым ня менш я ня думаў, што за такое могуць пасадзіць і даць канкрэтны тэрмін».
«Трэба было быць больш разумным і сачыць, што ты сабе выстаўляеш на старонку», — кажа Сілівончык.
Ён адбываў пакараньне ў расейскай калёніі «Сухабязводнае», якая мае сярод праваабаронцаў рэпутацыю адной з самых жорсткіх. Аднак, па словах Кірыла, цяпер сытуацыя там памянялася.
«Гэта была адна з самых жорсткіх, сур’ёзных калёній у Ніжагародскай вобласьці, было шмат катаваньняў у свой час. Але ў той час, калі я прыехаў, стала трохі лягчэй, і з часам усё лягчэй. Нікога не зьбівалі, ставіліся паважліва», — распавядае Кірыл.
«Я хачу проста адпачыць», — кажа Кірыла пра свае пляны ў Беларусі. — Мне здаецца, што мяне чакае сустрэча з нашымі спэцслужбамі, ня ведаю, як гэта ўсё абыдзецца, але буду спадзявацца на лепшае«.
Консул прыходзіў за дзень да этапу адпраўкі ў калёніі, пацікавіўся, як у мяне справы, і дзе я зьбіраюся адбываць пакараньне.
Беларуская амбасада і консульства, паводле Сілівончыка, не аказвала яму дапамогі: «Консул прыходзіў за дзень да этапу адпраўкі ў калёніі, пацікавіўся, як у мяне справы, і дзе я зьбіраюся адбываць пакараньне. Канечне, яны курыравалі пытаньне, калі я зьеду, дзе я знаходжуся, калі ўжо быў у ізалятары для замежнікаў».
Кірыла Сілівончык падзякаваў усім за падтрымку. Ён лічыць, што распаўсюд інфармацыі пра ягоную справу ў прэсе дапамог яму пазьбегнуць перабываньня ў міграцыйнай турме, якое магло зацягнуцца на некалькі месяцаў.
Таксама Сілівончык кажа, што яго моцна падтрымлівалі падчас адбываньня тэрміну пакараньня ў калёніі
«У першы час было вельмі шмат лістоў у мой адрас. Зь любой кропкі Эўропы — Нарвэгія, Нямеччына, Літва, Ліхтэнштэйн, Украіна, Беларусь. Я ўсім вельмі ўдзячны, што падтрымлівалі мяне. Было вельмі прыемна», — кажа Сілівончык.
***
Падставай для крымінальнага перасьледу Сілівончыка сталі карцінкі, апублікаваныя ім на старонцы ў сацсетцы «УКантакце». На адной з іх быў намаляваны ўкраінскі вайсковец, які завязвае вузлом шыю двухгаловай курыцы, да хваста якога прывязаная ануча з палос белага, сіняга і чырвонага колераў. Сілівончыку інкрымінавалі таксама заклік «Забівай маскалёў». Аднак пазьней беларускі праваабаронца Павел Юхневіч сьцьвярджаў, што гэтыя словы не знаходзяцца нават у кэшы старонкі асуджанага.
Вольнае пасяленьне для асуджанага ў Расеі беларуса Кірылы Сілівончыка — не такое ўжо й вольнае
У верасьні 2016 году Сілівончыку было адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленьні. Акрамя таго, паведамлялася, што ён знаходзіцца на прафіляктычным уліку як чалавек, «які вывучае, прапагандуе і вызнае экстрэмісцкую ідэалёгію»