Другі дзень запар КДБ паведамляе пра затрыманьні падазраваных у карупцыі — чыноўнікаў і прадстаўнікоў прадпрыемстваў.
Кіраўнік аналітычнага праекту Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што гэтыя затрыманьні не выглядаюць раптоўнымі:
— Калі паглядзець, што ім інкрымінуецца і ў якіх прамежках часу, то атрымліваецца, што гэтых людзей працяглы час пільнавалі спэцслужбы і яны маюць неабходны матэрыял. То бок гэта ўскосная прыкмета таго, што ўсе больш-менш значныя кіраўнікі суб’ектаў эканомікі ў нашай краіне знаходзяцца пад прынамсі пэрыядычным кантролем спэцслужбаў.
Другі момант. Такія захады ўзгадняюцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта можа сьведчыць пра тое, што, сутыкнуўшыся з сур’ёзным эканамічным крызісам, беларускія ўлады ня ведаюць, як зь яго выходзіць. І ў традыцыйнай для сябе манэры спрабуюць неяк кансалідаваць кіроўныя колы вакол дзейнага кіраўніка дзяржавы. Выкарыстоўваюць бізун. Гэта такое папярэджаньне ўсім, найперш чыноўнікам і дырэктарам буйных прадпрыемстваў, што яны пад кантролем, што тыя, каму даручана, ведаюць пра кожны іхны крок. І трэба захоўваць ляяльнасьць і належным чынам выконваць тое, чаго ад іх патрабуе Аляксандар Лукашэнка.
— Ці можна казаць, што ўлады ўзяліся за барацьбу з карупцыяй?
— Абсалютна не. Гэта бізун, які павінен дысцыплінаваць і дзяржаўны, і эканамічны апарат дзяржавы. Барацьба з карупцыяй пачнецца, калі пачнуць саджаць міністраў. Тады можна будзе сказаць, што барацьба з карупцыяй пачалася. Барацьба пачнецца, калі будзе створаны незалежны антыкарупцыйны орган, які будзе кантралявацца парлямэнтам і не залежаць ад выканаўчай улады.
А гэта ўсё спроба скансалідаваць дзяржаўны апарат перад абліччам нейкіх новых выклікаў і пагрозаў. Гэтыя пагрозы найперш зьвязаныя з сацыяльна-эканамічным крызісам, які проста захліствае краіну. Але нельга таксама выключаць, што гэта і спроба скансалідаваць дзяржаўны апарат і павысіць яго эфэктыўнасьць перад нейкімі вонкавымі пагрозамі.