Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ затрымаў яшчэ васьмёх у справе процідзеяньня карупцыі — «айцішнікаў» і чыноўнікаў


Фота з сайту КДБ: «Кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Бачыла піша яўку з павіннай»
Фота з сайту КДБ: «Кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Людміла Бачыла піша яўку з павіннай»

Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі выкрыў і спыніў маштабныя карупцыйныя схемы, арганізаваныя работнікамі прадпрыемства «БелАВМ» на чале з генэральным дырэктарам Дзьмітрыем Роніным. У гэтыя схемы былі ўцягнутыя прадстаўнікі дзяржаўных органаў.

Пра гэта паведамляе прэс-служба КДБ.

15 сьнежня пры атрыманьні хабару ад Роніна ў памеры 20 тысяч даляраў ЗША з доказамі злачынства затрыманая кіраўніца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Людміла Бачыла.

Незаконнае грашовае ўзнагароджаньне перадавалася за спрыяньне ў прызнаньні «БелАВМ» пераможцам аўкцыёну на закуп абсталяваньня для патрэбаў Фонду.

Супраць Бачылы пачатая крымінальная справа паводле прыкметаў складу злачынства за атрыманьне хабару, у дачыненні да Роніна справа пачатая за дачу хабару.

Прэс-служба КДБ паведамляе пра затрыманьне намесьніка генэральнага дырэктара «БелАВМ» Мікалая Рамановіча, які быў саўдзельнікам перадачы хабару Бачыле, а таксама супрацоўніка прадпрыемства Леаніда Гарбачэўскага і начальніка ўпраўленьня інфарматызацыі Фонду Віталя Старавойтава, адказнага за падрыхтоўку конкурсных дакумэнтаў на закуп сродкаў вылічальнай тэхнікі. Гэтыя асобы, паводле прэс-службы КДБ, «знаходзячыся ў злачыннай змове, распрацавалі „патрэбнае“ тэхнічнае заданьне, якое дазволіла „БелАВМ“ перамагчы ў аўкцыёне».

За аказанае спрыяньне Старавойтаў, пры пасярэдніцтве Гарбачэўскага, атрымаў хабар у 4 тысячы даляраў.

У гэты ж дзень за карупцыйныя сувязі з «БелАВМ» затрыманыя:

— старшыня праўленьня нябанкаўскай крэдытна-фiнансавай арганізацыі «Адзіная разьлікова-інфармацыйная прастора» Алег Верамейчык (раней начальнік аднаго з галоўных упраўленьняў Нацыянальнага банку). У ліпені 2016 году ён атрымаў ад Роніна 9 тысяч даляраў ЗША, а ў лістападзе 6400 эўра за спрыяньне ў арганізацыі і правядзеньні ў інтарэсах «БелАВМ» «дамоўнага» тэндэру на пастаўку абсталяваньня коштам каля 28 мільярдаў недэнамінаваных рублёў;

— начальнік галоўнага ўпраўленьня валютна-фінансавага маніторынгу Нацыянальнага банку Анатоль Мароз і яго намесьніца Кацярына Паўлоўская. Задакумэнтаваныя 3 эпізоды атрыманьня Марозам ад Роніна хабару, ня меншага за 13 тысяч даляраў, за выбар «БелАВМ» у якасьці пастаўніка абсталяваньня, а таксама яго пасярэдніцтва пры атрыманьні хабару Паўлоўскай.

Паводле гэтых фактаў пачатыя крымінальныя справы, затрыманых узялі пад варту.

Учора КДБ затрымаў восем службовых асобаў чатырох буйных прадпрыемстваў — Менскага трактарнага заводу, Менскага аўтазаводу, «БелАЗу» і «Гомсельмашу». Сярод іх фінансавы дырэктар — намесьнік генэральнага дырэктара ААТ «МТЗ» Ніна Прымшыц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG