У Лёндане ўрачыста асьвяцілі новую беларускую грэка-каталіцкую царкву ФОТА

Царкву ў прысутнасьці Апостальскага нунцыя ў Вялікай Брытаніі арцыбіскупа Антоніа Мэніні, мясцовага лаціскага дапаможнага біскупа Вэстмінстэрскай архідыяцэзіі Джона Шэрынгтана і Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека асьвяціў грэка-каталіцкі біскуп япархіі Святой Сям'і ў Лёндане Глеб Ланчына.

Аўтар праекту царквы 35-гадовы Со Цзыўай родам з Кітаю. Арганізатар будовы — наступнік айца Аляксандра Надсана ў беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане, уніяцкі сьвятар айцец Сяргей Стасевіч.

На асьвячэньне прыбылі шматлікія госьці зь Беларусі, эўрапейскіх краін і ЗША.

Адна з найбуйнейшых брытанскіх газэт The Times пісала з гэтай нагоды, што ў Лёндане будзе асьвячоная першая драўляная царква з 1666 году, калі горад быў зьнішчаны вялікім пажарам. Паводле The Times, царква патрэбная 5-тысячнай грамадзе лёнданскіх беларусаў, многія зь якіх ёсьць нашчадкамі вэтэранаў Другой сусьветнай вайны, якія пасьля 1945 году не хацелі або не маглі вярнуцца дадому ў Беларусь, якая тады была часткай СССР.

Здымкі айца Сяргея Сурыновіча (ФБ):

Выступ унучкі Якуба Коласа Марыі Міцкевіч аб дзейнасці дзіцячага фонду САКАВІК