Куды варта пайсьці і за чым сачыць заўтра, 13 сьнежня
Што будзе?
У прасторы «Грай» 13 сьнежня «Арт Сядзіба» адзначыць пяцігодзьдзе свайго заснаваньня. За гэты час культурніцкая прастора правяла кампаніі па папулярызацыі нацыянальнага адзеньня і герба «Пагоня», раздала кілямэтры стужкі з арнамэнтам і правяла дзясяткі мерапрыемстваў.
На імпрэзе выступяць гурты Navi i Lepšy kvas, удзельнік украінскага шоў «Х-фактар» Пётар Клюеў і іншыя. Пачатак а 19-й гадзіне. Зарэгістравацца на пяцігодзьдзе «Арт Сядзібы» можна тут.
Імпрэзы і выставы
Вершы «Ідалапаклоньніцы»
13 сьнежня адбудзецца прэзэнтацыя тома вершаў «Ідалапаклоньніца» польскай паэткі Галіны Пасьвятоўскай у перакладзе на беларускую мову. Яе называлі «польскай Сафо», але яна вельмі крытычна ставілася да сваіх вершаў. Выйшла замуж у 18 гадоў, а заўдавела ў 20. Галіна Пасьвятоўская не баялася сьмерці, але памерла ў 32 гады.
Менск, кнігарня «Кніжная Шафа» (пр. Дзяржынскага 9, уваход са двара).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.
Адкрыцьцё выставы, прысьвечанай 125-годзьдзю Багдановіча
Мастакі зладзяць выставу ў музэі Максіма Багдановіча ў Горадні. Бацькі паэта пераехалі ў Горадню праз 8 месяцаў пасьля яго нараджэньня. Тут прайшло раньняе дзяцінства будучага паэта.
Горадня, Дом-музэй Максіма Багдановіча (вул. 1 Траўня, 10).
На працягу дня.
Уваход па квітку ў музэй.