Паводле расейскага інфармацыйнага агенцтва Regnum, у Менску 9 сьнежня затрыманы карэспандэнт выданьня Сяргей Шыптэнка.
Раней у Беларусі былі затрыманыя выкладчык БДУІР Юры Паўлавец і жыхар Берасьця Дзьмітры Алімкін, якія таксама супрацоўнічалі з Regnum. Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што іх падазраюць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. За падобныя дзеяньні ў складзе групы пагражае да 12 гадоў зьняволеньня.
Ці ёсьць афіцыйныя пацьверджаньні затрыманьня былога выкладчыка Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі Сяргея Шыптэнкі?
Кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасьцю Сьледчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч затрыманьня Шыптэнкі пакуль не пацьвердзіў, але сказаў, што «зьвесткі адносна гэтага могуць зьявіцца пазьней».
У кастрычніку «Свабода» паведаміла, што чальца прэзыдыюму Беларускага грамадзкага абʼяднаньня «Русь», выкладчыка Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце РБ Сяргея Шыптэнку звольнілі з працы без тлумачэньня прычын. Сам ён заявіў, што яго пазбавілі месца за супрацоўніцтва з расейскімі мэдыямі.
Сяргей Шыптэнка — актыўны прыхільнік саюзу Беларусі і Расеі. Расейскія мэдыі выказвалі меркаваньне, што інтэгратара звольнілі за ягоны камэнтар наконт перамоваў Аляксандра Лукашэнкі з патрыярхам Канстанцінопальскім Варфаламеем пра, нібыта, магчымасьць стварэньня беларускай аўтакефальнай царквы. Аднак прадстаўнік адміністрацыі Лукашэнкі ў інтэрвію расейскаму «Росбалту» заявіў, што Сяргей Шыптэнка быў звольнены «не за канфэсійныя выказваньні», а за супрацоўніцтва з расейскімі апазыцыйнымі мэдыямі.