Канцэрт сьпевака Зьмітра Вайцюшкевіча ў суправаджэньні WZ-orkiestra плянавалася правесьці 8 студзеня ў менскай КЗ «Атлант». Пасьля дазволу ўладаў арганізатары распачалі продаж квіткоў.
Аднак 7 сьнежня продаж квіткоў быў спынены, а ў афішы зьявілася пазнака «Адмена». Як паведаміў tuzin.fm арганізатар канцэрту Вячаслаў Гулевіч, ім было нечакана адмоўлена ў арэндзе пляцоўкі, нягледзячы на папярэднюю дамоўленасьць і наяўнасьць гастрольнага пасьведчаньня.
У дырэкцыі КЗ «Атлант» патлумачылі, што ў іх зьявіліся «непераадольныя перашкоды» — завод «Атлант» ідзе на зімовыя вакацыі ажно да 16 студзеня 2017 году. Таму абслужыць гэтае мерапрыемства не ўяўляецца магчымым.
Ад 2010 году Зьміцер Вайцюшкевіч пазбаўлены магчымасьці легальна выступаць у Беларусі. Яго канцэрты зрываюцца з розных прычынаў.