«За дзень не купілі ніводнай рэчы» — на гарадзенскіх рынках дэпрэсіўны стан

Дробныя прадпрымальнікі на гарадзенскіх рынках у лепшым выпадку прадаюць некалькі рэчаў за дзень. А часта здараецца, што і ніводнай. Як выжываюць, ня ведаюць самі.

У гандлёвых радах на гарадзенскім рынку «Цэнтральны», дзе гандлююць таварамі тэкстыльнай прамысловасьці, амаль ніякага руху. Гандляры без настрою, пакупнікоў адзінкі, шмат пустых гандлёвых месцаў. Нават паразмаўляць з журналістам многія гандляры адмаўляюцца — маўляў, няма нам пра што казаць.

Аляксей, які гандлюе мужчынскімі і жаночымі зімовымі шапкамі, сумна кажа, што ўжо некалькі дзён запар раскладае з раніцы тавар і потым цэлы дзень ходзіць каля яго, а ніхто нічога не купіў. Маўляў, пра што яшчэ казаць.

Ягоны сусед Валянцін таксама вельмі коратка выказваецца наконт сытуацыі на рынку.

«Нас ужо засталося менш за 50% ад тых, хто некалі тут гандляваў. А што там далей будзе... Ну вось неяк ідзе ўсё па-наежджанаму. Дзякуй богу, апошнім часам нас хоць ніхто ня мучыць праверкамі. Напэўна, баяцца, што нават і гэтыя падаткі перастанем плаціць у бюджэт. Выжываем ледзь-ледзь, маладыя зьяжджаюць хто куды...»

Аляксей дадае, што пакупнікі, як правіла, бываюць толькі ў выходны дзень, а будзённыя дні сталі для гандляроў «чорнымі», бо часта за дзень ніхто нічога не набывае.

«Проста дзіву даесься: як мы тут усе выжываем, як цярпім гэта ўсё. Адкуль толькі бярэцца гэтая выносьлівасьць, цярпеньне... Нічога тут ня зьменіцца».

Гандлярка Алена, якая прадае мужчынскія зімовыя курткі, таксама сумная, без настрою. Кажа, што многа нашых людзей зьяжджае за мяжу, каб проста зарабіць на кавалак хлеба, бо тут папросту немагчыма.

«Я ўжо больш за год шукаю працу, хацела ўсё кінуць. Да каго са знаёмых ні зьвярнуся, то адказваюць, што шанцаў няма, бо ўсюды толькі скарачаюць. Даводзіцца прадаваць гэтыя курткі ніжэй за сабекошт, бо заляжацца потым, а лепшых часоў не прадбачыцца. Нічога ў гэтай краіне ня зьменіцца. От, дацягнем зараз да Новага году, а там пачнуцца да вясны адпачынкі. Пасьля сьвятаў у людзей грошай зусім ня будзе, будуць нават на харчах эканоміць...»

Марына — пэнсіянэрка. Кажа, што вымушана сюды прыходзіць працаваць, бо пэнсіі не хапае на лекі, але і зарабіць цяпер не ўдаецца.

«З Новага году больш сюды не пайду, бо буду вінная дзяржаве за арэнду, падаткі. Такая сытуацыя, што і робіш — не пражывеш, і ня робіш — не пражывеш. Ніколі ня думала, што да такога дажывём».

Такая сытуацыя, што і робіш — не пражывеш, і ня робіш — не пражывеш. Ніколі ня думала, што да такога дажывём

Побач зь ёю гандлюе Алег. У яго мэдычная адукацыя, чацьвёра дзяцей. Кажа, што выйсьця няма ніякага: грошы ўклаў у тавар, а цяпер нічога не прадаецца, і што рабіць, ня ведае.

«Каб як-небудзь пазбыцца гэтага тавару, то думаў бы, каб ехаць за мяжу на заробкі. Тут няма ніякай будучыні, хто не пасьпее своечасова ўцячы, то нацерпіцца ў гэтай краіне. Я спрабаваў шукаць працу тут, але безвынікова. Сумны час».

Да размовы далучаецца Тамара і кажа, што дробныя гандляры на рынку жывуць толькі месячнай пэрспэктывай, далей плянаў не будуюць.

«Глядзім, каб да канца месяца дажыць і пааплочваць падаткі, арэнды, іншыя зборы. А што будзе далей, то нават і ня думаем. А пакупнікі таксама, калі прыходзяць, то на любую рэч кажуць, што дорага, просяць, каб цану скінулі. А тут прадаеш гэта і так ніжэй за сабекошт. Я ў выходныя дзьве рэчы прадала, а на будні яшчэ ніводнай. Гібель настае, вось што».

Адна з прадпрымальніц нэрвова кажа, што заробкі ў людзей наўрад ці падымуцца, нават нягледзячы на абяцаньні прэзыдэнта плаціць 500 даляраў. Яна крытычна настроеная да ўладаў і ўзгадвае нядаўнія выказваньні старшыні Савету Рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча пра «карту паляка», якая наносіць шкоду Беларусі.

«Яны скардзяцца на „карту паляка“, але толькі ўлада вінаватая ў тым, што наша моладзь зьяжджае жыць і працаваць за мяжу. За 20 гадоў улады Лукашэнкі мы пазбавіліся і працы, і заробкаў. То прычым тут тая „карта паляка“? Яны самі атрымліваюць па тысячы і больш даляраў, а мужчына на сямʼю ня можа ўжо сто даляраў зарабіць. Хто з нашых дзяцей паехаў бы за мяжу, каб тут была праца? Канечне, любы з нас цяпер хоча, каб дзеці выехалі за мяжу. Я і сама, каб хто забраў, то паехала б хоць прыбіральшчыцай працаваць. Гляджу, што цяпер некаторыя ня могуць зьехаць толькі з тае прычыны, што няма грошай на білет. А хто мае, то стараюцца папросту бегчы. І што будзе далей з усімі намі, пра што яны там думаюць наверсе?»