У судзе Берасьцейскага раёну працягваецца паседжаньне па справе фэрмэра Мікалая Бельчука, якога вінавацяць у гвалце ў дачыненьні да супрацоўніка ДАІ Сяргея Неліповіча. Пракурор просіць 2 месяцы арышту, а адвакаты сьцьвярджаюць, што віна не даказаная.
Судзьдзя Павал Главацкі абвясьціў перапынак да 16-й гадзіны 2 сьнежня.
Пракурор заявіў на працэсе: «Прашу суд прызнаць Бельчука Мікалая Іванавіча вінаватым у зьдзяйсьненьні гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў».
Адвакаты Мікалая Бельчука заявілі, што ягоная віна ў судзе не даказаная, а супрацоўнік міліцыі сам дзейнічаў незаконна, калі заехаў у прыватны двор селяніна. Абаронцы зьвярнулі ўвагу на тое, што Неліповіч у гэты час не распачынаў адміністрацыйны працэс, складаючы адпаведныя дакумэнты, «пры гэтым пацярпелы абсалютна шчыра мяркуе, што ягоныя дзеяньні ў той час былі законныя».
Судзьдзя Павал Главацкі абвясьціў перапынак да 16-й гадзіны 2 сьнежня.
Мікалая Бельчука судзяць за інцыдэнт, які здарыўся 9 траўня 2014 году. Тады ў Бельчукоў выйшаў канфлікт з супрацоўнікам ДАІ Сяргеем Неліповічам. Прычынай стаў самаробны трактар. Было гэта ў вёсцы Страдзеч Берасьцейскага раёну.
Міліцыянт кажа, што ў дачыненьні да яго прымянілі сілу. Брат Мікалая Аляксандар Бяльчук за гэта быў асуджаны ў 2014 годзе на два месяцы арышту. Мікалая не пакаралі, аднак праз два гады, 12 кастрычніка 2016 году, па яго ў вёску Арлянка Маларыцкага раёну прыехалі міліцыянты. У гэты дзень у Бельчукоў здарыўся канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі, у выніку якога амапаўцы нават ужылі табэльную зброю. Бельчукі ж кажуць, што ня ведалі, што гэта былі міліцыянты, бо яны не былі ў форме і не прадстаўляліся, а толькі забралі Мікалая. У выніку гэтага канфлікту на Аляксандра Бельчука завялі крымінальную справу за супраціў міліцыянтам, цяпер ён у СІЗА.
ПД