Рада бясьпекі ААН увяла новыя санкцыі ў дачыненьні да Паўночнай Карэі ў адказ на выпрабаваньне ядзернай зброі ў верасьні гэтага году.
Рашэньне аб санкцыях падтрымалі ўсе 15 краін — чальцоў Рады. Абмежавальныя захады закрануць экспарт вугалю, медзі, нікелю, срэбра і цынку, за кошт якіх, на думку экспэртаў, фінансуецца паўночнакарэйская ядзерная праграма. Паводле папярэдніх падлікаў, з прычыны санкцыяў Пхеньян будзе губляць каля 700 мільёнаў даляраў у год.
Цяперашнія санкцыі — «самыя жорсткія» за ўвесь час, адзначыў генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун. Паводле ягоных слоў, прыняцьце рэзалюцыі стане сыгналам Паўночнай Карэі, якая павінна спыніць выпрабаваньні ядзернай зброі, паведамляе Бі-бі-сі.
Санкцыі ў дачыненьні да КНДР ужо былі ўведзеныя пяць разоў з моманту першага ядзернага выпрабаваньня ў 2006 годзе. 9 верасьня Паўночная Карэя правяла пятае выпрабаваньне ядзернай зброі, якое стала самым буйным у гісторыі краіны.