Андрэя Бандарэнку могуць прызнаць палітвязьнем

Андрэй Бандарэнка, фота 2014 году

Беларускія праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што ў выпадку асуджэньня Андрэя Бандарэнкі па ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэксу (злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы) яго прызнаюць палітвязьнем.

Заснавальнік ужо не існуючай праваабарончай установы «Плятформа-інавэйшн» Андрэй Бандарэнка быў арыштаваны ўвесну 2014 году і асуджаны на 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства. Паводле суду, Бандарэнка нібыта зьбіў жанчыну — суседку па падʼезьдзе, а таксама нібыта ўдарыў у твар мужчыну. На судзе Андрэй Бандарэнка прызнаў віну часткова. Меркаваньні беларускіх праваабаронцаў адносна таго, ці прызнаваць Бандарэнку палітвязьнем, падзяліліся.

Андрэй Бандарэнка, які адбывае ў магілёўскай турме пакараньне за злоснае хуліганства, павінен выйсьці на свабоду 31 сакавіка 2017 году пасьля заканчэньня тэрміну пакараньня. Аднак новыя абвінавачваньні супраць яго паводле арт. 411 КК могуць прывесьці да паўторнага асуджэньня на тэрмін да 2 гадоў пазбаўленьня волі.

У сумеснай заяве праваабаронцы канстатуюць, што ў турме Андрэй Бандарэнка рэгулярна падпадаў пад прадузятыя і неабгрунтаваныя спагнаньні, якія і сталі падставай для завядзеньня новай крымінальнай справы.

«Мы асуджаем завядзеньне новай справы ў дачыненьні да зьняволенага Андрэя Бандарэнкі. Нягледзячы на тое, што прысуд, вынесены яму ў 2014 г., ня быў зьвязаны зь яго праваабарончай дзейнасьцю, мы лічым, што паўторны крымінальны перасьлед зьяўляецца формай палітычна матываванага ціску, зьвязанага зь яго ранейшай праваабарончай дзейнасьцю. У выпадку асуджэньня А. Бандарэнкі паводле ч.2 арт. 411 КК крытэрыі, якія прымяняюцца намі, будуць дазваляць кваліфікаваць яго як палітычнага вязьня», — падкрэсьліваецца ў сумеснай заяве беларускіх праваабаронцаў.

Аўтары заявы патрабуюць спыніць палітычна матываваны неабгрунтаваны перасьлед Бандарэнкі па новых абвінавачаньнях і праверыць законнасьць спагнаньняў.

Пад заявай падпісаліся Праваабарончы цэнтар «Вясна», Цэнтар прававой трансфармацыі, Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», Беларускі дом правоў чалавека імя Б. Звозскава, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў і Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар.