Антыбеларуская прапаганда: як адрэагуе беларускі глядач расейскай ТВ?

Севярын Квяткоўскі

Чалавек усьведамляе сябе як індывідуальнасьць толькі ў параўнаньні зь іншымі людзьмі. Так і з грамадзтвамі. Варыцца сабе грамадзтва, а сябе збоку бачыць вачыма замежных СМІ.

Што новага даведаліся пра сваю краіну беларусы з заходніх СМІ за апошнія 20 гадоў? Дыктатура і дыктатура, дык гэта ўсе і так ведаюць. А з расейскіх? А расейскія «фэдэральныя» і не казалі нічога. Хіба ў 2010 годзе наехалі на Лукашэнку жорсткімі карыкатурамі. «Дык гэта ж з-за нафты». Дый памятаюць сёньня адно спэцыялісты.

Цяпер інакш. Упершыню расейскія дзяржаўныя СМІ наехалі ня проста на Беларусь, а на сам факт існаваньня беларускай нацыянальнай ідэі, беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці. «Беларусы сфармаваліся раней за расейцаў?! Хто гэты Трусаў, што ён піша, як такое можна публікаваць?».

І вось тут высьвятляецца, што беларусы, якія ўнутры краіны досыць падзеленыя ў поглядах, раптам робяцца адзінымі ў меркаваньнях. Напрыклад, у меркаваньні пра сябе як беларусаў, пра сваю краіну: «Мы — не яны».

Я не пра ўсіх, але пра вялікую частку сеткавай аўдыторыі, яе рэакцыю на антыбеларускія ток-шоў.

Што такое «антыбеларускае» ў кантэксьце афіцыйных прапагандысцкіх захадаў РФ?

— Адмаўленьне існаваньня беларусаў як самастойнай нацыі.

— Адмаўленьне права беларускай дзяржавы на самастойныя крокі.

«Ці не перакінуцца яны на Захад?». То бок, атрымліваецца, што цяпер беларусы «перакінутыя» ў РФ. Іншых варыянтаў не даецца.

Адпаведна зьдзіўленьне і абурэньне расейскіх прапагандыстаў выклікае Лукашэнка са сваёй «не зусім прарасейскай пазыцыяй». На Ўсходзе многія сумняюцца, што ў выпадку канфлікту з Захадам беларусы «падпішуцца», упрагуцца за «братоў».

Адначасова ледзь ня шок у расейскім тэлевізары выклікае адносна мірнае існаваньне ў Беларусі беларускіх поглядаў на гісторыю і сучаснасьць. Нават Каліноўскага запісваюць у «антырускія палякі», ня ведаючы, што Каліноўскі, нацыянальны арнамэнт, «літоўскія» Мір-Нясьвіж, гэта яшчэ БССРаўскія ідэалягічныя напрацоўкі.

Пакуль я бачу, што афіцыйныя расейцы не чапляюць пэрсанальна Лукашэнку, але як бы намякаюць, маўляў, займіся сваімі «бандэраўцамі».

«Як такое магло выйсьці ў друк!» — літаральна верашчыць вядоўца ў камэру, камэнтуючы сьпісы прарасейскіх пэрсон і арганізацый у Беларусі, апублікаваныя ў беларускай газэце «з рысункамі».

Два расейскія ток-шоў паглядзела ня толькі сеткавая аўдыторыя. А іншая-адрозная. Тая, якая чэрпае інфармацыю выключна з тэлевізіі і найперш з расейскай. Вось іх рэакцыя ці нерэакцыя будзе галоўным індыкатарам «прарасейскасьці» беларусаў.

Адна справа сьледам за прапагандыстамі з экрану паўтараць «Крым правільна забралі». Іншая справа — паўтарыць штосьці антыбеларускае, штосьці пра сябе.

Згаданыя два ток-шоў — гэта пробны каменьчык. Паглядзець на рэакцыю самых розных груп у Беларусі. Што скажа ўлада? Як адгукнецца сеціва? Ці будзе адразу рэакцыя «звычайных грамадзян»? Магчыма, не. Магчыма, патрэбна цягам пэўнага часу выдаць шэраг перадач. І толькі тады мы ў транспарце ці краме пачуем як дзьве бабусі абмяркоўваюць «што сказалі па цілявізары пра Беларусь».

Пакуль я бачу глебу для некалькіх варыянтаў. Ёсьць людзі, якія асуджаюць Лукашэнку за тое, што ён не падтрымлівае Пуціна практычнымі крокамі. З такімі я сутыкнуўся яшчэ ў 2014 годзе. Гэтыя людзі хацелі б бачыць Беларусь уцягнутай і «пераможнае шэсьце Пуціна па Ўкраіне». Я бачыў такіх старых у вёсцы, я бачыў такіх сярэдняга веку ў Менску.

Іншы тыпаж. Падтрымліваючы тэлевізійны Крэмль адносна Крыму, гэтыя людзі сумняюцца адносна Данбасу і зусім адмоўна рэагуюць, калі праводзіш паралель зь Беларусьсю. «А нас за што?» Тут два варыянты: «ня можа быць, бо мы браты» і «калі сунуцца, дамо адлуп».

Пра «братоў» асобна цікава. Тыя зь беларусаў, хто паўтарае пра «брацкасьць», з маіх назіраньняў вельмі падтрымліваюць нэўтралітэт Беларусі. У той час як для расейцаў «брацкасьць» — гэта саўдзел.

І самае галоўнае. У кожным разе падобныя інфармацыйныя актыўнасьці Крамля адносна Беларусі будуць толькі павялічваць колькасьць актыўных прыхільнікаў незалежнасьці Беларусі. Літаральна выцягваць іх з поля «нэўтральнасьці» і «я палітыкай не цікаўлюся». Справа нават не ў ідэях і ідэалёгіях, а ў інстынкце самазахаваньня.

А пакуль упершыню на іншай ТВ, ужо афіцыйнай беларускай, прагучалі такія словы: «Тое, што адбылося зь бел-чырвона-белым сьцягам і "Пагоняй", калі раптам гэта сталася нагодай для разасабленьня. Хоць гэта частка нашай агульнай гісторыі. І кожны нармальны чалавек скажа, што гэта нашы агульныя гістарычныя сымбалі».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.