5 тэхналёгіяў для Беларусі: ад капсулы Маска да мужчынскай гарманальнай кантрацэпцыі

Прадпрымальнікі, мільярдэры, візіянэры з розных краін сьвету прапануюць нам штодня сотні ідэяў для ўдасканаленьня якасьці жыцьця, камфорту і бясьпекі на плянэце. А як бы гэтыя адважныя ідэі маглі зьмяніць Беларусь? Зірнем на некаторыя зь іх.

1. Зь Берасьця ў Віцебск за паўгадзіны

spacex.com

Аўтападарожжа зь Берасьця да Віцебску займае сёньня больш за 6 гадзін. Дзякуючы ідэі мільярдэра і філянтропа Ілана Маска паездка магла б скараціцца да 30 хв. Маск стварыў праект капсулы зь людзьмі, якая перамяшчаецца з хуткасьцю 1200 км/г — Hyperloop.

Паводле Маска, гэты від транспарту ёсьць нечым паміж аўтамабілем і самалётам. Унутры доўгай трубы знаходзяцца два малыя вагоны, у якіх можа зьмясьціцца 6 чалавек у пазыцыі напаўлежачы. Капсулы запускаюцца што 30 сэкундаў, рухае іх сьціснутае паветра. Сьпераду вагону турбіна хапае паветраную плынь, перадае яе рэшце вагонаў, а таксама часткова на бакі. Энэргія — з сонечных калектараў, якія месьцяцца па ўсім маршруце. Тунэль адлегласьцю 550 км, паводле падлікаў Маска, каштуе каля 7 млрд даляраў.

Дарэчы, кампанія Hyperloop Transportation Technologies падпісала з урадам Славаччыны дамову аб будаўніцтве звышгукавой транспартнай сыстэмы, якая мае злучыць Браціславу зь Венай і Будапэштам.

Крытыкі Hyperloop кажуць, што выдаткі на сыстэму бясьпекі могуць зрабіць праект празьмерна дарагім і ў выніку неэфэктыўным.

2. Раўнапраўнае беларусак і беларусаў: гармальная кантрацэпцыя для мужчын

Штогод у Беларусі выконваецца каля 25-30 тысяч абортаў. Галоўная прычына абортаў — незаплянаваная цяжарнасьць. Але якой бы ні была прычына, аборт амаль заўсёды ёсьць драматычным выбарам жанчыны і мужчыны. Змаганьне з абортамі магчымае праз пашырэньне сэксуальнай адукацыі і даступнасьці кантрацэпцыі. Бальшыня мужчын лічаць клопат аб прадухiленьнi цяжарнасьці вылучна жаночым абавязкам.

Але ўжо неўзабаве на рынку можа зьявіцца і кантрацэпцыя для мужчын. Дасьледаваньні яе вядуцца гадамі. У Індыі навукоўцы распрацавалі іньекцыю, якая спыняе плоднасьць у мужчын нават на 10 гадоў. На працу над гэтай кантрацэпцыяй фонд Гейтсаў ахвяраваў 100 тысяч даляраў. Аднак фармацэўтычныя канцэрны пакуль не зацікавіліся такім сродкам праз прагноз малога прыбытку ад продажу.

Канцэрны вядуць працу над таблеткамі. Вядома, што прадукаваньне спэрмы можа быць спыненае адпаведнаю дозаю гармонаў. Гэтае спыненьне можа быць поўным або частковым.

Дасьледаваньні ў парах, якія выкарыстоўвалі такі від кантрацэпцыі, паказалі эфэктыўнасць у 97 са 100%. У дасьледаваньні прымалі ўдзел 1500 мужчын. Пасьля спыненьня гарманальнай кантрацэпцыі функцыя плоднасьці аднавілася ва ўсіх.

Выхаду гэтага сродку на рынак перашкаджае адзін аспэкт: мужчыны скардзяцца на галаўны боль і зьмену настрояў. Але ж ці ня тое самае адчуваюць дзясяткі гадоў сотні мільёнаў жанчын, якія карыстаюцца кантрацэпцыяй?

3. Свой дзякуй. Колькі ветракоў трэба, каб забясьпечыць Беларусь электраэнэргіяй?

У сьвеце ёсьць месцы (Данія, Нямеччына), дзе ветравыя турбіны прадукуюць сёньня больш за 100% патрэбаў жыхароў у электраэнэргіі. Ветраэнэргетыка імкліва разьвіваецца. Паводле падлікаў Усясьветнай рады ветраэнэргетыкі (Global Wind Energy Council), каб забясьпечыць сьвет энэргіяй зь ветру, неабходна было б збудаваць 3 995 434 турбіны магутнасьцю амаль 2 мэгаваты. Калі б паставіць іх адну побач з другой, то яны пакрылі б амаль палову Аляскі. А колькі ветракоў патрэбна ў Беларусі, каб карыстацца энэргіяй ветру?

Тэхнічны ветравы патэнцыял Беларусі ацэньваецца спэцыялістамі ў 300 млрд кВт·г/год. Гэта неверагодна вялікая лічба, калі ўлічыць, што спажываньне электраэнэргіі ўнутры краіны, напрыклад, у 2012 годзе склала 38,4 млрд кВт·г. Праўда, эканамічны патэнцыял з улікам перавагі вятроў малой хуткасьцю значна ніжэйшы.

Самы эфэктыўны вятрак працуе сёньня на Наваградчыне. У 2013 годзе ветравая спаруда выпрацавала 4,0 млн кВт·г. Каб пакрыць спажываньне электраэнэргіі ў краіне ветракамі ўзору наваградзкага, спатрэбілася б збудаваць іх 9600 штук.

Акупіцца такая ўстаноўка зможа праз 12 гадоў. Сёньня ветракі яшчэ вельмі дарагія. Але іх цэны паступова падаюць, паколькі ветравая энэргетыка робіцца ўсё больш папулярнай.

4. БелАЭС? Не, дзякуй! Я выбіраю пэраўскіт.

Летась сонечныя панэлі ў Нямеччыне вырабілі такую ж колькасьць электраэнергіі, як і мясцовыя атамныя электрастанцыі. Беларусь ня ў стане рабіць такія ж інвэстыцыі ў сонечную энэргетыку. Але...

Пэраўскіт. Гэта слова можа дазволіць беларусам спаць спакойна, не баючыся надзвычайных сытуацыяў на Беларускай АЭС. У сутнасьці, пэраўскіт мог бы зрабіць ідэю БелАЭС цалкам непатрэбнай.

Пэраўскіт — гэта рэдкі для паверхні Зямлі мінэрал, якія ўпершыню быў выяўлены ва Ўральскіх гарах больш за паўстагодзьдзя таму. Часопіс «Science» уключыў яго у топ-10 прарываў 2013 году, маючы на ўвазе магчымасць выкарыстоўваць яго ў сонечнай энэргетыцы.

Навукоўцы Стэнфарду высьветлілі, што нанясеньне тонкай напаўпразрыстай балоны з гэтага крышталічнага мінэралу можа сур’ёзна павялічыць эфэктыўнасць энэргааддачы сонечных батарэй. Эфэктыўнасьць сонечных панэляў можа павялічыцца нават на 50% пры мінімальных коштах.

Стартап зь Вялікабрытаніі Oxford Photovoltaics плянуе ліцэнзаваць свой рэцэпт пэраўскіту ў вадкай форме для хімічных кампаніяў і працэс выкарыстаньня вадкасьці для вытворчасьці шкла або сонечных ячэек. Кампанія чакае, што прадукты на аснове гэтай тэхналёгіі зьявяцца на рынку да 2017 году.

5. Як выйсьці шчыльнымі радамі і праз 1000 гадоў

Падчас публічнай лекцыі ў Лос-Анджэлесе сусьветна вядомы ангельскі фізык Стывэн Гокінг распавёў, што чалавецтва ня выжыве цягам наступнай тысячы гадоў, калі не ўцячэ з плянэты. Лягічна, што не ўратуюцца і беларусы — пры ўмове, што датрываюць да ўмоўнага 3016 году.

Гокінг лічыць, што датуль людзі альбо самі сябе зьнішчаць у войнах, альбо ў плянэту ўдарыць астэроід. Абедзьве гэтыя пэрспэктывы аднолькава сумныя. Фізык прапануе ратунак — калянізаваць космас.

Фірма брытанскага мільярдэра Рычарда Брэнсана Virgin Galactic ужо сёньня прапануе квіткі касьмічным турыстам. За 2 трыльёны 400 мільярдаў даляраў у космас маглі б паляцець усе беларусы. Адлегласьць — 100 кілямэтраў. У цане квітка — 6 хвілін у стане бязважкасьці. Але пакуль гэта сумнеўнае задавальненьне, бо невядома, што там рабіць далей.

На гэтае пытаньне адказвае згаданы вышэй Ілан Маск. 45-гадовы бізнэсовец хоча сваю пэнсію правесьці на чырвонай плянэце. Ён абяцае, што камэрцыйныя палёты на Марс стануць рэальнымі праз 15 гадоў.

Палёт чатырох астранаўтаў ацэньваецца ў 6 мільярдаў даляраў. Гэтую суму можна значна зьменшыць з адной умовай — one way ticket. Але беларусы ня любяць рэзкіх зьменаў і сатрасеньняў. Дык ці ня лепш пакуль сканцэнтравацца на першых чатырох пунктах?

Наступныя пакаленьні нешта прыдумаюць. Магчыма, сярод іх будуць і беларускія візіянэры. А можа ўжо прыдумалі? Пакідайце вашыя прапановы ў камэнтарах!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.