Грунтоўная спаруда пасярод гандлёвай залі прыцягвае позіркі, нібы магніт. На трох вежах кардонных скрыняў узвышаюцца тры гатункі гарэлкі «Каласы»: «Беларуская ніва» (утрымлівае лімонку), «Казахскі стэп» (нібыта з глюкозаю), «Рускае поле» (з дадаткам ліпавага цьвету).
Стаю, паглядаю і раптам чую здрадніцкі шэпт за сьпінаю: «Трэба нешта ўзяць» — зычліва раіць мэрчандайзэр, а мо і супэрвайзэр, чорт іх разьбярэ, карацей, тая, што па паліцах гарэлку расстаўляе. Але на сёньня гэта не ў маіх плянах, таму адмаўляюся словамі славутай показкі: «Не, аніяк не магу выбраць — усё такое смачнае!» Хаця па-шчырасьці, пакаштаваўшы, вы наўрад ці адрозьніце гатункі між сабою, але ж задума якая!
Гэткі крэатыў сьведчыць пра неабыякавасьць стаўленьня да моцных напояў і багацьце эмоцыяў, зь імі зьвязаных.
Даўно заўважыла: менавіта алькагольныя напоі вылучаюцца сярод іншых тавараў суквецьцем назваў, праявамі мастацкага густу і творчым падыходам у аздабленьні этыкеткі, якая аднак рэдка мае непасрэднае дачыненьне да зьмесьціва пляшкі. То бок зьяўляецца творам масавай культуры ў чыстым выглядзе, самым запатрабаваным і чытаным. А фантазія вытворцаў сягае ад найменьняў кшталту «Элегія», «Восеньскі блюз» (унівэрсальных для любой прадукцыі — і дзіцячага ёгурту, і мэблевага гарнітуру) — да гістарычнай нататкі аб ролі жанчыны ў часы ВКЛ на этыкетцы гарэлкі «Ліцьвінка». Гэткі крэатыў сьведчыць пра неабыякавасьць стаўленьня да моцных напояў і багацьце эмоцыяў, зь імі зьвязаных. Так што забарона іхняга продажу з вечара да ранку наўрад ці дасьць плён, хіба навучыць плянаваць свой час і зробіць прадавачку кожнай задрыпанай крамы каралеваю мікрараёну.
Варта толькі прыгадаць найменьні і аздобы пляшак мінуўшчыны, параўнаць іх з сучаснымі — і зьмены ў нашым жыцьці і сьвядомасьці навідавоку. Бо гэтыя творы масавага мастацтва адгукаюцца на вакольную рэчаіснасьць даволі апэратыўна і дакладна.
Чарніла, чарлік, чарлі-чаплін, пладова-выгаднае — паўтара-два дзесяцігодзьдзі гэты танны, а таму самы ўжываны і папулярны напой займаў найбольш пачэсныя месцы і найвялікшую плошчу ў віна-гарэлачных аддзелах. Менавіта ягоныя найменьні найчасьцей характарызуюцца ўзвышаным рамантызмам і разнастайнасьцю. Пачуеш — «Раксалана», «Вікторыя», «Чароўная флейта» — і на душы адразу робіцца ўзьнёсла ды хораша! Цудоўны камплект для штодзённага ўжываньня ўяўлялі сабою «Напиток винный утренний» і «Вячэрні звон».
Пладова-ягадныя віны былых часоў ня толькі наталялі смагу, але й зьяўляліся неблагім дапаможнікам самаадукацыі для сталых спажыўцоў.
Пладова-ягадныя віны былых часоў ня толькі наталялі смагу, але й зьяўляліся неблагім дапаможнікам самаадукацыі для сталых спажыўцоў. Беларускамоўныя «Каляднае», «Вечарніцы», «Купальскае» знаёмілі з народнымі традыцыямі, абуджалі нацыянальную сьвядомасьць. На этыкетках напояў «Рэчыца», «Прыпяць» адлюстроўвалася прыгажосьць родных краявідаў. Атрымаць элемэнтарнае ўяўленьне пра гістарычныя ды архітэктурныя помнікі дапамагалі чарнілы наступных гатункаў: «Магілёўскае» (зьмешчана выява старога будынку аўтавакзалу), «Стэла» (помнік радзіме-маці ў Магілёве, у прастамоўі — Аксана з Лаўсану), клясычная «Белая вежа». «Асоль», «Руслан», «Гусарская баляда» адкрывалі цудоўны сьвет мастацтва і жывапісу, рэпрадукцыі карцін Васьняцова, Рэпіна і г. д. з бутэлечных этыкетак можна было сьмела выкарыстоўваць на школьных занятках па гісторыі мастацтва.
Успамінаю выпадак дзесяцігадовай даўніны. Адвячоркам два мужчыны расьпівалі на кухні пляшку віна. Вярнулася з працы жонка гаспадара. Госьць павітаўся і прапанаваў далучыцца. Аднак жанчына адмовілася, паказаўшы на этыкетку: «Тут напісана „Танга ўдваіх“, трэці — лішні!»
Пэнсіянэры перайшлі на мацнейшае, менш забясьпечаныя на аптэчныя настойкі глогу і календулы.
Аднак мінуў час, а зь ім разам скончылася колішняя папулярнасьць пладова-ягадных напояў. Цяпер разьбежка ў кошце між імі і гарэлкаю — ня надта вялікая, а эфэкт не такі трывалы. Пэнсіянэры перайшлі на мацнейшае, менш забясьпечаныя на аптэчныя настойкі глогу і календулы. Як не відаць розьніцы, дык нашто плаціць болей! Чарнілы сьціпла туляцца на ніжняй паліцы, ад колішняга суквецьця назваў не засталося і сьледу. Хіба што лашчыць слых «Травень», выклікае горкую ўсьмешку «Мсьціслаўскі пачастунак», вяртае ў мінуўшчыну на якую хвіліну «Настальжы».
Надышоў час гарэлкі. Ад крэатыву на паліцах ажно ў вачах стракаціць. Калісьці яе найменьні абмяжоўваліся кансэрватыўнымі «Стараславянская», «Пшанічная» і неаднаразова апяянай у фальклёры «Рускай». Эксплюатацыя савецкага мінулага таксама была папулярнаю. У пачатку 2000-х вытворцы гарэлкі «Товарищ» зьмясьцілі нават верш на этыкетцы:
Водка «Товарищ» крепче и
Чище
Пей на здоровье, товарищ,
Дружище!
Цяпер паразытаваньне на савецкім мінулым не спрацоўвае. «Прэстыж» і «Статус» — вось прыклад для моладзі! Варта адзначыць — абсалютная большасьць моцных напояў маюць альбо беларускую назву і аздабленьне, альбо згадку пра тутэйшыя славутыя мясьціны. Гэта ня можа ня цешыць. Хаця вышэйпамянёнай «Ліцьвінкі» гады два як не відаць, але на зьмену ёй прыйшлі «Першачок ад дзеда», «Сваяк», «Налібокі», «Грамулька», «Добра шклянка» (сапраўды добрая! — пераконвае папяровая расьцяжка на паліцы), бальзамы «Беларускі», «Клімавіцкі», «Белавескі» ды іншыя.
Калі «Ясная паляна» сьведчыць на карысьць культурніцкага ўзроўню вытворцы, дык надпіс «Блакітны край» успрымаецца неадназначна.
Часам вытворцы выкарыстоўваюць беларускую мову на этыкетках даволі своеасабліва. Надпіс «Самогонъ» зроблены на стараславянскі капыл, а ўнізе тлумачэньне для нездагадлівых — «беларуская калекцыя», аздабленьне гарэлкі «Бацькова» ўвогуле спалучае ў сабе трасянку сама мала трох моваў. На этыкетцы гарэлкі «Сябры» ўверсе пазначана чамусьці расейскім слоганам: «Наша водка — ваша песьня!». Куды больш экзатычныя вобразы таксама спажыўцам не ў навіну. І калі «Ясная паляна» сьведчыць на карысьць культурніцкага ўзроўню вытворцы, дык надпіс «Блакітны край» успрымаецца неадназначна.
Што тычыцца сухіх і дэсэртных вінаў — дык раней у іхніх найменьнях чамусьці пераважала расейская мова і рэлігійная тэматыка. «Слеза монашки», «Заговор монаха», «Тайная вечеря», «Секрет старца», «Монастырская изба» і г. д. Традыцыйная «Кадарка», «Вінаградная лаза», а таксама ўжываньне слова «кроў» у нечаканых кантэкстах, кшталту «Мядзьведжая кроў», «Кроў дракона» складалі невялікі адсотак. Напрыканцы дзевяностых такая прадукцыя была ня кожнаму па кішэні. Звычайна яе сталыя аматары пілі не за свае, таму мусіць мелі павышаную патрэбу ў супакаеньні душы. На жаль, злоўжываньне гэткім спосабам малітвы і пакаяньня садзейнічала хуткаму пераходу ад «Тайной вечери» да «Вячэрняга звону». Сучасныя аматары піць не за свае аддаюць перавагу больш выкшталцонаму асартымэнту. Вінаграднае віно стала больш даступным па кошце, але на паліцах усё тыя ж «Тайны ордэн», «Старая келья», «Монастырское»: ведама — традыцыя!
«Дедушкин рецепт», «Бабушкино»... Мусіць невыпадкова — для сямейнага адпачынку гэта найлепшы выбар.
Нельга, аднак, не заўважыць яшчэ адну тэндэнцыю. У аздобе скрынкі ці пляшкі віна мацунку 9-11 градусаў усё часьцей гучаць матывы вяртаньня да сямейных каштоўнасьцяў, шанаваньня старэйшых. «Дедушкин рецепт», «Бабушкино»... Мусіць невыпадкова — для сямейнага адпачынку гэта найлепшы выбар. Бо «Домашнее» напаўсухое стане першаю шклянкаю васьміклясьніка і ягонай бабулі-гіпэртоніку не зашкодзіць. Глынуўшы шкляначку, маладая маці працягне з усёй адказнасьцю даглядаць малое, а тата пасьля начной зьмены падчас сямейнай урачыстасьці ня зваліцца тварам у квашаніну. То бок ужываньне такога напою — самы даступны спосаб баўленьня часу ў коле родных, блізкіх, дарагіх.
Ня згодныя?
Тады вось вам шэсьць рублёў, паспрабуйце за іх набыць чатыры квіткі ў кіно ці тэатар, не кажучы ўжо пра сямейнае падарожжа. Не выпадае? Вось у тым і справа! А сьвята ж хочацца!
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.