За акцыі салідарнасьці з Пальчысам судзяць завочна

Павал Севярынец падчас адной з акцыяў салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам

Сустаршыня БХД Павал Севярынец аштрафаваны на 1050 рублёў (50 базавых велічынь) за ўдзел у акцыях салідарнасьці 14 і 17 кастрычніка.

Судзілі палітыка ў Фрунзенскім судзе завочна. Павал Севярынец даведаўся пра рашэньне судоў 23 лістапада зь ліста, дасланага з суду па пошце.

«Адразу паводле двух пратаколаў судзілі, безь мяне. Напісана, што браў удзел у несанкцыянаванай акцыі каля Менскага гарадзкога суду, стаяў з бела-чырвона-белым сьцягам, выкрыкваў „Жыве Беларусь!“, „Свабоду Пальчысу!“ і „Ганьба!“. На мяне кожны дзень складалі пратаколы, а пікеты праходзілі больш за тыдзень, таму чакаю яшчэ некалькі судоў. Большасьць актывістаў на суды ўжо ня ходзяць, таму ўлады праводзяць суды завочна, потым толькі інфармуюць пра вынік. А як там было, хто ведае. Але гэта нас не спыняе: трэба праяўляць салідарнасьць з аднадумцамі і паказваць уладам, што зь іх дзеяньнямі людзі нязгодныя», — сказаў «Свабодзе» Павал Севярынец.

У кастрычніку штодня цягам працэсу над блогерам Эдуардам Пальчысам праходзілі акцыі салідарнасьці каля будынка Менскага гарсуду. Паводле ўдзельнікаў акцыяў, на іх было складзена больш за 70 пратаколаў. З сярэдзіны лістапада ў Маскоўскім, Фрунзенскім ды іншых судах Менску праходзяць суды над актывістамі. Ужо ня меней як па разу былі аштрафаваныя актывісты Леанід Кулакоў, Сяргей Пальчэўскі, Максім Вінярскі, Алесь Макаеў, Юлія Фралова, Віктар Кулак ды іншыя.

Звычайны памер штрафу за акцыю салідарнасьці з Эдуардам Пальчысам — ад 30 да 50 базавых велічынь, што больш за тысячу рублёў. Пры гэтым, як кажуць актывісты, наперадзе ў іх яшчэ некалькі працэсаў паводле іншых пратаколаў за акцыі салідарнасьці каля Менскага гарадзкога суду.