Але калі чую нараканьні на савецкасьць ад расейца ці ўкраінца, то паціраю вочы, ці правільна я ўсё зразумеў. Перад тым, як я пачаў езьдзіць 14 гадоў таму ва Ўкраіну, таксама быў перакананы, што мы нейкія савецкія дыназаўры. Ды не. І на Львоўшчыне хапае рэліктаў таго самага саўка, у якім так часта вінавацяць беларусаў. Тыя самыя запушчаныя хрушчоўкі, крамы з разьбітымі ўваходамі, футравыя шапкі, злыя людзі, настальгія па СССР, бюракратыя, хабары, расейская папса і шансон у львоўскіх маршрутках і яшчэ большая колькасьць дабітых «капеек» на вуліцах.
З Расеяй яшчэ прасьцей. Як паглядзіш расейскія каналы, пачытаеш іх газэты, дык там, па-сутнасьці, цяпер залатая эра СССР, вяртаньне да саўка ва ўсіх сэнсах.
Віталь Портнікаў два гады таму ўвогуле прызнаўся, што калі ён пераяжджае беларускую мяжу, то трапляе ў Савецкі Саюз, зь беднымі людзьмі і нястачай тавараў.
Тры гады таму адзін знаёмец з Украіны, з Запарожжа, паехаў у Менск і потым рагатаў, што хадзіў па Камуністычнай вуліцы і бачыў помнік Леніну. Фатаграфаваўся на іх фоне і падколваў мяне суцэльнай савецкасьцю Менску. А потым ва Ўкраіне пачаўся ленінапад, і я пабачыў, што ў іх там, ва ўкраінцаў, гэтых ленінаў захавалася даволі ўнушальная калекцыя. Ды і вуліц поўна. А яшчэ гэтыя людзі на Майдане, якія хваляць Лукашэнку і зайздросьцяць беларусам. Ці ня той нястачы тавараў, пра якую казаў Портнікаў?!
Савок, але бяз помнікаў і назваў вуліц, я бачыў і ў Латвіі і Літве.
Я ня ведаю, што гэта. Панты ці проста паўтор нейкіх стэрэатыпаў ці сыгналаў, якія і сама ўлада ў Беларусі дае суседзям, маўляў, мы захавалі найлепшае і не адмовіліся ад усёй спадчыны савецкасьці.
Калі я чую, як украінец ці расеец называе Беларусь «сссрам», то бачу чалавека, які пʼе чарніла, размахвае келіхам у руцэ, смакуючы гэтую вадкасьць і так цмокае ад водару, нібыта там «Hennessy Ellipse».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.