ЗША заклікаюць Расею не разьмяшчаць «Іскандэры» пад Калінінградам

Апэратыўна-тактычны комплекс «Іскандэр»

Разьмяшчэньне Расеяй зэнітных ракетных сыстэмаў С-400 і ракетных комплексаў «Іскандэр» у Калінінградзкай вобласьці дэстабілізуе эўрапейскую бясьпеку. Ніякія падзеі ў Эўропе не патрабуюць ад Масквы падобнай рэакцыі, заявіў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Джон Кірбі.

Ён заклікаў Расею ўстрымлівацца ад словаў і дзеяньняў, якія не адказваюць мэтам захаваньня бясьпекі і стабільнасьці ў рэгіёне, перадае Reuters.

Раней Расея ўжо заяўляла пра перакідваньне «Іскандэраў» пад Калінінград, аднак дасюль гэта рабілася толькі ў рамках вучэньняў. У кастрычніку Міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла разьмяшчэньне ракетных комплексаў «Іскандэр» у Калінінградзкай вобласьці. У Маскве заяўляюць, што працягнуць узмацняць сыстэму супрацьпаветранай абароны на заходнім напрамку ў адказ на разгортваньне амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе.

У панядзелак прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што аб’екты NATO, якія пагражаюць Расеі, будуць мэтамі для ракетных удараў.

Апэратыўна-тактычны комплекс «Іскандэр» можа быць абсталяваны ракетамі з ядзерным боезарадам.