Целы былой прэзыдэнцкай пары Качынскіх перапахавалі ў Польшчы

Партрэт Леха Качынскага, архіўнае фота

Цела былога прэзыдэнта Польшчы Леха Качынскага і яго жонкі Марыі перапахавалі ў Кракаве пасьля правядзеньня эксгумацыі ў рамках новага расьсьледаваньня Смаленскай авіякатастрофы 2010 году, якая і забрала іх жыцьці.

Каля 50 чалавек прысутнічалі на цырымоніі на ўзгорку Вавель 18 лістапада, у тым ліку і брат-блізьнюк нябожчыка прэзыдэнта Яраслаў Качынскі, цяперашні прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда, і прэмʼер-міністар Беата Шыдла.

Цела экс-прэзыдэнта Польшчы першым сярод іншых ахвяраў узялі на эксгумацыю. Увогуле польская пракуратура хоча эксгумаваць усе 83 ахвяры смаленскай катастрофы, целы якіх не былі крэміраваныя. Некаторыя сваякі загінулых выказалі пратэст такім намерам, таму што не жадаюць, каб магілы раскопвалі. Але пракуратура заявіла, што заплянаваныя эксгумацыі адбудуцца.

У верасьні экспэрты камісіі, якая расьсьледуе акалічнасьці смаленскай трагедыі, заявілі, што запісы чорных скрынь польскага прэзыдэнцкага самалёта былі сфальсыфікаваныя, а шматлікія дакумэнты па гэтай справе былі схаваныя. Расейскія дасьледаваньні прычын аварыі паказваюць на няшчасны выпадак, выкліканы дрэнным надворʼем і памылкай пілёта. 10 красавіка 2010 у катастрофе Ту-154 у расейскім Смаленску загінулі 96 чалавек, сярод якіх прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі з жонкай, кіраўнікі ўсіх родаў войскаў, начальнік генэральнага штаба, прадстаўнікі Сэйма і Сэната, канцылярыі прэзыдэнта, апошні прэзыдэнт Польшчы ў выгнаньні Рышард Качароўскі, прадстаўнікі вышэйшага ваеннага камандаваньня, палітычных партый, грамадзкія і рэлігійныя дзеячы.