Стэфановіч просіць пракуратуру высьветліць, хто прымусіў жыхароў Вілейшчыны зьбіраць кукурузу з-пад сьнегу

Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч зьвярнуўся ў пракуратуру і Менаблвыканкам з нагоды факту прымусовай працы на Вілейшчыне, дзе людзей сагналі зьбіраць кукурузу.

Як паведамляе праваабарончы рэсурс spring96.org, у сваіх зваротах у пракуратуру Вілейскага раёну і Менскі аблвыканкам праваабаронца «Вясны» Валянцін Стэфановіч ставіць пад сумнеў, што гэтая праца была добраахвотнай. Ён падкрэсьлівае, што супрацоўнікі розных прадпрыемстваў былі арганізавана прывезеныя на ўборку кукурузы на палях.

«Варта адзначыць, што ўсе гэтыя работы ўборкі ўраджаю кукурузы адбываюцца ў працоўны час, калі супрацоўнікі прадпрыемстваў павінны знаходзіцца на сваіх непасрэдных працоўных месцах і выконваць тыя абавязкі, які прадугледжаныя ў заключаных паміж імі і прадпрыемствамі працоўнымі дамовамі. У сувязі з гэтым выклікае пытаньні прававы бок такой працы і яе прававога рэгуляваньня, аплата ды іншае», — піша праваабаронца.

Стэфановіч адзначае, што, паводле арт. 20 Працоўнага кодэксу Рэспублікі Беларусь наймальнік ня мае права патрабаваць ад работніка выкананьня працы, не абумоўленай працоўнай дамовай.

Паводле праваабаронцы, такая інфармацыя сьведчыць пра парушэньні працоўных правоў грамадзян і прымяненьне прымусовай працы.

Стэфановіч просіць улады правесьці праверку названых фактаў.