Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Міністэрстве фінансаў прызналі, што рэальнае беспрацоўе ў Беларусі ў 5-6 разоў вышэйшае за афіцыйнае


Ілюстрацыйнае фота. Цэнтар занятасьці насельніцтва ў Гомелі
Ілюстрацыйнае фота. Цэнтар занятасьці насельніцтва ў Гомелі

Першы намесьнік міністра фінансаў Максім Ермаловіч назваў справядлівымі ацэнкі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП), якія гавораць, што рэальны ўзровень беспрацоўя ў Беларусі складае 5-6% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Як піша БелаПАН, пра гэта ён заявіў 4 лістапада ў Менску на Кастрычніцкім эканамічным форуме.

«Сапраўды, сытуацыя на рынку працы пагаршаецца, і гэта патрабуе ад ураду і камэрцыйнага сэктару пэўных рашэньняў», — адзначыў Ермаловіч.

Паводле Міністэрства працы, колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных на канец верасьня 2016 году склала 40,3 тыс. чалавек — 0,9% эканамічна актыўнага насельніцтва.

Ермаловіч падкрэсьліў, што, паводле Міністэрства працы, залішняя колькасьць занятых на прадпрыемствах цяпер складае 5,7%. «У нас ёсьць сытуацыя зь няпоўнай занятасьцю, якая нарастае. У нас ёсьць сытуацыя з залішняй колькасьцю занятых на дзяржаўных прадпрыемствах, гэта ўсё ня лепшым чынам адбіваецца на іх фінансавых выніках. І гэта тая праблема, якую, на мой погляд, неабходна вырашаць», — заявіў чыноўнік.

Ён адзначыў, што большасьць прадпрыемстваў, маючы залішнюю колькасьць пэрсаналу, пераводзіць яго на няпоўную занятасьць.

«Гэта найпершы крок у адказ з боку прадпрыемства ў надзеі, што рынкі збыту прадукцыі адновяцца і не спатрэбіцца скарачаць пэрсанал. Другі адказ — замарожваньне заробкаў — прыводзіць да таго, што ў цэлым мяняецца маштаб заробкаў у краіне, адбываецца рэальнае скарачэньне даходаў насельніцтва, што таксама ёсьць адмоўным вынікам сытуацыі на рынку працы», — сказаў Ермаловіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG