Ёсьць людзі, якія лічаць, што беларуская вёска ўжо сказала сваё апошняе слова, і час ёй памахаць рукой ці пакланіцца каля памятнай шыльды. Маўляў, тое, што можна было зь яе выціснуць, мы ўжо выціснулі, дык давайце спакойна пахаваем нябожчыцу. Апошнія 15 гадоў я жыву ў горадзе, але мая сьвядомасьць сфармавалася ў вёсцы. Дык як вясковы чалавек мушу запярэчыць: чуткі пра сьмерць вёскі моцна перабольшаныя.
Севярын Квяткоўскі, напрыклад, прапануе скінуць гэты баляст у выглядзе вёскі, бо ён ня толькі не дапамагае ў прыцягненьні нэафітаў да беларушчыны, а нават замінае. Маўляў, там і матам могуць лупануць у адказ, і нейкія дзіўныя грамадавыя (абшчынныя) адносіны там, чужыя гараджанам. Ды і некаторыя вясковыя традыцыі, піша Севярын, могуць шакаваць жыхара мэгаполісу.
Вось выраз «Клінтаніха». Нэафіт можа адчуць смурод правінцыйнага патрыярхату і не прыняць беларушчыну, бо Клінтаніха асацыюецца з прыналежнасьцю да мужа. Даруйце, дык а проста прозьвішча мужа пра гэта не сьведчыць? Аргумэнт, што гэтая старая форма нікога не абражала, а была і ёсьць цалкам натуральнай у вёсцы, не працуе. Маўляў, там і біць жанчын — натуральная традыцыя.
Зараз дагаворымся да таго, што стары вясковы зварот да бацькоў на «вы» гэта праява аддаленасьці бацькоў ад дзяцей і іх псыхалягічнага катаваньня.
У маім рэйтынгу самых абсурдных контраргумэнтаў гэты, бясспрэчна, займае першае месца. Ну не ўкладаюць ніякага дыскрымінацыйнага сэнсу ў выразы Гурневічыха ці Клінтаніха беларусы. І калі сёньня нехта спрабуе зрабіць гэта заднім чыслом, то можа быць упэўнены, што я буду зь ім ваяваць да апошняга. Як трапна заўважыў калега Аляксей Знаткевіч, важны кантэкст і сэнс, які ў гэтае слова ўкладаецца. Але ж ня блытайце боб з гарохам. Зараз дагаворымся да таго, што стары вясковы зварот да бацькоў на «вы» гэта праява аддаленасьці бацькоў ад дзяцей і іх псыхалягічнага катаваньня.
Вёска — гэта не ідылія. Сёньня гэта часта дэпрэсіўнае месца на мапе Беларусі. Але яна яшчэ шмат чаго можа прапанаваць беларусам. І гэта ня толькі кумпякі, паляндвіцы і кілбасы, па якія туды ахвотна едуць гараджане зь вясковым бэкграўндам. І заўважце, тады іх вёска не шакуе:-) Кумпяк нашага нэафіта не шакуе, а Клінтаніха — нават вельмі.
Бярыце разам з паляндвіцамі і іншыя добрыя рэчы, якія вёска вам прапануе.
Дык бярыце разам з паляндвіцамі і іншыя добрыя рэчы, якія вёска вам прапануе. Што кепскага ў абшчыннасьці? Як раз яе беларусам і не хапае. Адчуваньня супольнасьці, сувязяў паміж сабой, тых сацыяльных адносінаў, якія вякамі былі ў вёсцы і стварылі беларускі код. У вёсцы людзі ідуць у касьцёл ці царкву. Гэта важны момант сацыялізацыі. Людзі размаўляюць паміж сабой і ўмеюць слухаць. Павіснуўшы на плоце, вясковая бабулька можа тры гадзіны, не сьпяшаючыся, гаманіць з сяброўкай. Людзі ведаюць, як завуць іх суседзяў, ведаюць, што ім баліць, стараюцца быць побач. Вучыцеся ад вёскі!
Калі падчас сенакосу надыходзіць хмара, то суседзі бягуць адзін аднаму дапамагаць зграбаць сена, каб яно не намокла. У вёсках яшчэ сёньня часта не замыкаюць хаты, бо давяраюць суседзям, што ён не ўлезе ў тую хату. Што і каму можа замінаць у гэтай абшчыннасьці? Гэта цэлая этыка, якая павінна быць узорам паводзін. Нехта можа справядліва запярэчыць, што ў вёсках багата паталёгій, алкагалізму і ўсяго іншага. Рацыя. Але што, ў горадзе ў нас белыя і пухнатыя?
Наша вёска памірае, але яшчэ шмат гадоў яна можа даваць жыцьцёвую энэргію ўсёй Беларусі.
Наша вёска памірае, але яшчэ шмат гадоў яна можа даваць жыцьцёвую энэргію ўсёй Беларусі. І скарыстайцеся цяперашнім часам, каб пачуць жывых носьбітаў беларускай мовы. У кожнай буйной вёсцы вы іх знойдзеце больш, чым на ўсіх сталічных курсах беларускай мовы для нэафітаў разам узятых. Устаньце з-за манітораў кампутараў і выйдзіце з галерэі «У», паедзьце ў Вішнева, Юрацішкі, Нізок. Зайдзіце ў любую хату, дзе жывуць старыя людзі, і вы атрымаеце сэанс жывой гісторыі, якой вы не прачытаеце ў кніжках. Распытайце іх пра абшчыннасьць. Як людзі пасьля распаду СССР зьбіралі вёскамі грошы на адбудову касьцёлаў. Там краўдфандынг існаваў ужо ў тыя часы, калі гэта яшчэ не было мэйнстрымам. Ня выключана, што вы можаце недзе сустрэць і Казіка з чырвоным носам. Няхай гэта вас не шакуе. Я не мянчук, але магу назваць пару месцаў у сталіцы, дзе вы гарантавана можаце ні за што атрымаць ад шпаны і гапаты.
Беларусы — гэта вясковыя людзі. Палова Менску яшчэ і і сёньня мае да каго паехаць за горад на Каляды ці Вялікдзень. Беларускі гараджанін — гэта нашчадак вяскоўца, і не змывайце вы зь яго гэтую вясковасьць. Зрабіце зь яе плюс. Купіце ў вёсцы лецішча, праводзьце там вольны час і сілкуйцеся беларушчынай.
Мяне трасе ад катэгарычнасьці зь якой прамаўляюцца гэтыя тэзы.
Ва ўсёй гэтай дыскусіі мяне бянтэжыць нават не прыпісваньне вёсцы выключна адмоўных рысаў. Мяне трасе ад катэгарычнасьці зь якой прамаўляюцца гэтыя тэзы. Што замінае гарманічна спалучаць гэтыя рэчы? Чаму адно павінна выключаць другое? Яны ж ня супярэчаць адна другой.
У маёй вёсцы была такая гісторыя. На пачатку 90-х адзін наш сусед першым у вёсцы хацеў паставіць у хаце ўнітаз. Яму запярэчыў цесьць, маўляў, што гэта такое, каб за сьцяной ляпалі рэшткі пераваранай ежы і што такія рэчы робяцца за хлявом. Мужчына даў аргумэнт: але тата, дык ўявіце, тут жа і цёпла, і чыста, усё гатовае. На што цесьць не сунімаўся: не, с...ць у хаце не дазволю. Ці ня тая самая гэта катэгарычнасьць, што нам ва ўсім трэба арыентавацца толькі на горад? Дэталь у тым, што ў вёсках сёньня масава ставяць тыя ўнітазы, а гараджане ўсё роўна круцяць носам на слова вёска.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.