14 лістапада стала вядома, якое пакараньне просіць пракурор для асноўных абвінавачваных. Так, для былога студэнта журфаку БДУ Канстанціна Вялюгі пракурор запрасіў 20 гадоў зьняволеньня. Таксама вялікія тэрміны зьняволеньня ў калёніі запрошаныя для былых сілавікоў, якія аказаліся на лаве падсудных разам з меркаванымі наркадылерамі: для былых супрацоўнікаў КДБ Ігара Верацінскага і Ігара Карыцкага — 15 і 14 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем вайсковага званьня маёр, для былога міліцыянта Канстанціна Дзенісевіча — 14 гадоў зьняволеньня з пазбаўленьнем званьня падпалкоўніка міліцыі. Ва ўсіх падсудных пракурор просіць таксама канфіскаваць маёмасьць. Іншым абвінавачваным пагражаюць пакараньні ад 3 да 15 гадоў.
Як мяркуюць назіральнікі, судовыя спрэчкі ў «працэсе 17-ці» працягнуцца каля тыдня, паколькі абаронцы кожнага з падсудных намераныя выступіць з працяглымі прамовамі. Пасьля гэтага з рэплікамі мае права зноў выступіць пракурор, яму могуць адказаць адвакаты.
«Працэс 17-ці» пачаўся 28 лютага 2016 году. Выпускнік журфаку БДУ Канстанцін Вялюга, паводле сьледзтва, стварыў інтэрнэт-краму для продажу спайсаў LegalMinsk, праз якую шмат гадоў распаўсюджваў наркатычныя рэчывы. Сьледзтва даказвала, што некаторыя з кліентаў крамы памерлі ад ужываньня гэтых рэчываў.
Меркаванага кіраўніка злачыннай групы Канстанціна Вялюгу абвінавачваюць ня толькі ў распаўсюдзе наркатычных рэчываў у складзе групы, але і ў незаконных дзеяньнях са зброяй ды іншых злачынствах. На пачатку працэсу Канстанцін Вялюга сваёй віны не прызнаваў, як і большасьць ягоных меркаваных саўдзельнікаў.