Праваабаронца з Самары Марыя Рымар, якую Кастрычніцкі раённы суд Менску прызнаў вінаватай у заведама лжывым паведамленьні пра небясьпеку ў менскім аэрапорце, пакінула тэрыторыю Беларусі.
Мяркуючы па допісе ў «Фэйсбуку», яна зьехала яшчэ 8 лістапада.
«Прымаю віншаваньні — я нарэшце дома! Пасьля звароту ў міграцыйную службу па падаўжэньне тэрміну знаходжаньня і шчасьлівага выправаджваньня» мяне з Рэспублікі Беларусь«, — напісала яна на сваёй старонцы.
Юрыстка грамадзкага ЛГБТ-руху «Авэрс» з Самары Марыя Рымар, якую затрымалі 7 ліпеня ў менскім аэрапорце за няўдалы жарт пра тратыл, 12 кастрычніка судом Кастрычніцкага раёну Менску была прызнана вінаватай у заведама лжывым паведамленьні пра небясьпеку. Яе пакаралі штрафам 100 базавых велічыняў (2 тысячы 100 рублёў).