У Кастрычніцкім раённым судзе Менска мае пачацца працэс над расейскай праваабаронцай Марыяй Рымар, якую абвінавачваюць у заведама лжывым паведамленьні пра небясьпеку ў аэрапорце.
Перад судом Марыя Рымар заявіла журналістам, што не выключае, што працэс закрыюць «праз наяўнасьць у справе сакрэтных дакумэнтаў».
«Мы будзем настойваць на адкрытасьці працэсу ці хаця б частковай адкрытасьці»,— сказала Марыя Рымар.
Пасьля пачатку працэсу пракурор выступіла за адкрыты пацэс, Рымар падтрымала і суд пастанавіў, што працэс будзе адкрытым.
Сваёй віны праваабаронца не прызнае. Справу Рымар разглядае судзьдзя Аляксандр Сяргей.
Марыю Рымар затрымалі ў менскім аэрапорце, абвінаваціўшы ў наўмысна лжывым паведамленьні пра бомбу ў багажы. Інцыдэнт адбыўся 7 ліпеня. Толькі праз 11 дзён Марыю Рымар вызвалілі зь СІЗА, але ў Расею ехаць не дазволілі, наклаўшы на жанчыну абмежаваньні ў перасоўваньні. Ёй пагражае да 5 гадоў зьняволеньня.
«Што да маёй справы, дык сьледзтва знарок зацягвалі, хоць я прасіла найхутчэйшага разгляду, бо ў мяне дома засталіся дзеці. За гэты час, зь 7 ліпеня, мне тры разы адмовілі ў выезьдзе дамоў хаця б на кароткі час для сустрэчы з сям’ёй. Таксама мне патрэбна дыягностыка ў сувязі з анкалёгіяй, якую ў мяне знайшлі ў 2012 годзе», — паведаміла Свабодзе перад судом Марыя Рымар.