Асабліва актуальнымі гэтыя развагі робіць той рэдкі чыньнік, што гэтым разам адзін кандыдат — Гілары Клінтан — атрымала перавагу ў народным галасаваньні, а другі — Дональд Трамп — у складанай працэдуры галасаваньня калегіі электараў, якая, аднак, у ЗША і вызначае прэзыдэнта.
Самае моцнае дапушчэньне — ў існаваньні волі народа як такой. Ёсьць людзі з рознымі меркаваньнямі, ну жывуць у адной дзяржаве, падпарадкоўваюцца адным уладам і законам. Асобны чалавек волю безумоўна мае, але адкуль вынікае, што супольнасьць людзей, якая ня ёсьць чалавекам, таксама мае супольную волю? Ці гэта ня ёсьць спрэчная антрапаморфная мэтафара?
Прычым, гістарычна даволі маладая. Ну, скажам, малады яе ўнівэрсалізм. Так, была дэмакратыя ў старажытнай Грэцыі, але стагодзьдзямі людзі жылі, ні пра якую волю народа, асабліва ў дачыненьні да ўлады, ня думаючы. Меркавалася, што сапраўдная, правільная, легітымная ўлада зыходзіць ад Бога, ад Боскага памазаньня, якім уганараваны манарх. Ён можа як уладар не падабацца многім ці нават усім яго падданым, але гэта проста ня мае ніякага значэньня. Што мы, з нашымі дробнымі думкамі і памкненьнямі, супраць волі Бога?
Другая ўмоўнасьць тэорыі волі народа — ў яе вымярэньні. Хай сабе такая воля сапраўды ёсьць, хай сабе гэтая мэтафара — рэальнасьць. А як яе вымераць, вызначыць? Ну як як? Воля народа — воля большасьці.
Праўда? А чаму? Чаму голас мудраца, акадэміка, сумленьня нацыі роўны ў гэтай суме голасу неадукаванага, ня надта разумнага яго суайчыньніка, які можа з пʼяных вачэй прагаласаваў абы за каго? Чаму ўнёсак абодвух у тую волю народа роўны?
Варта заўважыць, што ў гісторыі дэмакратыі так было не заўсёды. Да канца ХІХ стагодзьдзя, а ў большасьці краінаў сьвету — да ХХ стагодзьдзя, права голасу ня мелі жанчыны. Іх унёсак у волю народа быў проста нулявым. Ці не лічыліся яны людзьмі, часткай народу? Не, лічыліся. Але проста меркавалася, што мужчыны, галасуючы, вызначаюць і іх, жанчын, волю.
Даволі доўга дэмакратыя была цэнзавай — галасавалі толькі тыя, хто меў пэўную маёмасьць, пэўны даход. Напачатку ХІХ стагодзьдзя ва ўзорнай дэмакратыі сьвету — Вялікабрытаніі — права голасу мелі 4% насельніцтва. А астатнія хіба не лічыліся народам? Хіба яны не ваявалі, не плацілі падаткі? Не, і ваявалі, і плацілі. Проста лічылася, што і іх волю адлюстроўваюць гэтыя 4%.
Далей — па працэдуры, як кажуць. Воля народу — воля большасьці? У цяперашніх ЗША людзей, што маюць права голасу, 219 мільёнаў. За Трампа прагаласавала толькі крыху больш за 60 мільёнаў. Гэта значна менш за ўсяго траціну патэнцыйных выбаршчыкаў. Усенародна абраны прэзыдэнт? Так, зыходзячы з дапушчэньня, што волю тых, хто не пайшоў на выбары, прадстаўляюць тыя, хто пайшоў.
Беларускія ўлады на ўсіх выбарах рознымі спосабамі — прымусам, заклікамі, фальсыфікацыямі — спрабуюць падвысіць яўку. Навошта? А таму, што адчуваюць сувязь абстракцыі «волі народа» зь яе канкрэтным вымярэньнем.
Вяртаючыся да амэрыканскіх выбараў. Тамтэйшая сыстэма з калегіяй выбаршчыкаў -яшчэ адзін узровень умоўнасьці. Даў сабе працу падлічыць яе ступень. Чыста тэарэтычна, ва ўмовах штучнага прыкладу, там можа адбыцца так, што кандыдат, які набраў 23% галасоў ад усяго насельніцтва, пераможа ў калегіі выбаршчыкаў і стане прэзыдэнтам іншага кандыдата, які ў народным галасаваньні набярэ 77% галасоў народу. Волю народу могуць вызначыць усяго 23% выбаршчыкаў? Ну так, там, пры тамтэйшай сыстэме могуць.
Ёсьць яшчэ адзін, таксама вырашальна важны ўзровень умоўнасьці, выкладзены ідэолягам тэорыі народнага сувэрэнітэту Жан-Жакам Русо ў яго працы «Грамадзкая дамова». Паводле Русо людзі могуць мець розныя меркаваньні да моманту ісьціны, у які вызначаецца воля народу. Але пасьля таго, як праз пэўную працэдуру гэтая самая воля народу вызначаецца, яна лічыцца воляй і тых, хто супраць. Яны, дурні, кшталту проста не разумелі, што яны насамрэч думалі, чаго хацелі.
Фармальна-лягічна — абсурд. Прыгадваецца тэртуліянаўскае пра хрысьціянскі сымбаль веры — верую, бо абсурдна. Мы проста да гэтага абсурду настолькі прызвычаіліся, што не заўважаем яго абсурднасьць. Але ж і сапраўды абсурд. Вось я, такі разумны, прыгожы, цярпець не магу Трампа (Лукашэнку, нейкага іншага, патрэбнае ўставіць). Ну і што мне з таго, што арытмэтычнай большасьці маіх суайчыньнікаў ён падабаецца? Чаму я павінен падпарадкоўвацца загадам улюбёнца гэтых дурняў? Ці «дурняў»?
Ну, просты адказ — дык «пасодзюць», калі не будзеш падпарадкоўвацца. Але чаму «пасодзюць», чаму мушу падпарадкоўвацца не са страху, а з усьведамленьня, што іх меркаваньне — воля народу і ёсьць? І такім чынам і мая сапраўдная воля таксама?
Ну ў Беларусі можна сказаць, што наконт большасьці ёсьць вялікія пытаньні і што яна не рэальнасьць, а вынік вылічальных здольнасьцяў Лідзіі Ярмошынай. Добра, а калі б была сумленна падлічаная большасьць? А калі ў ЗША ёсьць сумленна падлічаная большасьць чальцоў калегіі выбаршчыкаў — чаму я, такі разумны і прыгожы, мушу падпарадкоўвацца волі гэтых прыдуркаў?
Тут насамрэч без інтэлектуальнага труку Русо не абысьціся. Менавіта ён абгрунтоўвае ляяльнасьць усяго грамадзтва да дэмакратычнага выбару. Так, я разумны і прыгожы, а яны прыдуркі, але іх галасаваньне выяўляе волю народу, якая вышэй за маю ўласную волю. Больш за тое — гэтая воля, выказаная гэтымі прыдуркамі, як высьвятляецца, і мая воля, якую я проста не ўсьведамляў.
Гэтая тлумачальная схема Русо неўзабаве пасьля яе зьяўленьня ў практычным пляне абярнулася якабінскім тэрорам, формулай «вораг народу» і варʼяцтвам гільяціны. Што жахліва, але па-свойму лягічна: калі воля народу вось такая, а гэтыя — арыстакраты і нават «падазроныя па памяркоўнасьці» супраць — то хто яны, як ня ворагі народу? Але на труку Русо будуецца любая дэмакратыя. Тым, хто супраць, неабавязкова рубяць галовы, але лічыцца, што яны ня маюць рацыі.
Дэмакратыя — як грошы: яна і яны маюць каштоўнасьць толькі таму і толькі да таго часу, пакуль людзі вераць у яе і іх каштоўнасьць.
Трук Русо ўвасабляецца і ў глыбакадумных камэнтарах з нагоды амэрыканскіх выбараў, маўляў, народ выказаў недавер карумпаваным сталічным элітам, якія адарваліся ад народа, дыскрэдытавалі сябе, бла-бла-бла. Хвілінку, дык арытмэтычная большасьць прагаласавала за Клінтан. Дык гэта ж падстава для ня менш глыбокіх камэнтароў, што амэрыканскі народ (па змаўчаньні — ўвесь) рашуча адкінуў папулізм, ксэнафобію і танную дэмагогію. А чаму іх няма?
Ну таму, што абстракцыя волі народу атаясамляецца зь яе канкрэтным увасабленьнем, якая ў ЗША прынамсі сёлета нават не супадае з арытмэтычнай большасьцю. Дзеля чаго ўсе гэтыя меркаваньні? Ну можа дзеля канстатацыі, што дэмакратыя сапраўды базаваная на гурбе ўмоўнасьцяў і дзейнічае толькі тады, пакуль людзі ў іх вераць. І хваляваньні ў Портлэндзе, Чыкага і іншых гарадах Амэрыкі сьведчаць пра тое, што і там тыя ўмоўнасьці могуць аказацца пад пытаньнем. Маніфэстанты ў гэтых гарадах паўстаюць супраць схемы Русо, падымаючы лёзунгі, што Трамп — ня іх прэзыдэнт.
Зь іншага боку, Уінстан Чэрчыль меў вялікую рацыю, калі казаў, што дэмакратыя — найгоршы спосаб кіраваньня, але ўсе іншыя — яшчэ горшыя. Ён нездарма фармуляваў гэта ў такой дыялектычнай форме. Што перашкаджала банальна сказаць, што дэмакратыя лепш за ўсе астатнія спосабы кіраваньня? Разуменьне, веда, што хібы дэмакратыі — навідавоку. Хібы аўтарытарызму бачныя з цягам часу.
Народ мае права на памылкі. Добра, калі мае права і выпраўляць іх.