Прагу наведалі беларускія пілігрымы ФОТА

Напярэдадні 100-годзьдзя пераносу мошчаў сьвятога Язафата Кунцэвіча зь Белай Падляскай у Вену вернікі і сьвятары Беларускай грэка-каталіцкай царквы накіраваліся ў паломніцтва “Шляхам Язафата”.

Невялікая група сьвятароў і вернікаў на чале з Апостальскім візытатарам для грэка-католікаў у Беларусі архімандрытам Сяргеем Гаекам наведала Белую Падляскую, Браціславу, Вену і Прагу. Усюды беларусы бралі ўдзел у сьвяточных набажэнствах. Кульмінацыяй стала адзначэньне 100-й гадавіны пераносу мошчаў сьвятога Язафата Кунцэвіча ў Вене, якое адбылося ў дзень пакутніцкай сьмерці сьвятога 12 лістапада.

Ва ўрачыстасьцях бралі ўдзел патрыярх Украінскай грэка-каталіцкай царквы Сьвятаслаў Шаўчук і мітрапаліт гораду Алепа ў Сырыі Павал Языджы.

У Празе 13 лістапада адбылося ўрачыстае набажэнства ў царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна з удзелам Апостальскага візытатара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, двух дэканаў БГКЦ айцоў Андруся Абламейкі (Менск) і Зьмітра Грышана (Віцебск), а таксама айца дыякана Вячаслава Гарчакова. Падчас набажэнства сьпяваў беларускі грэка-каталіцкі хор “Прасфара”.

Падчас набажэнства адбыўся хрост хлопчыка зь сям’і праскіх грэка-католікаў беларусаў. Таксама ў гэты дзень адбыўся хрост яшчэ аднаго беларускага хлопчыка ў горадзе Градэц Кралавэ.

Архімандрыт Сяргей Гаек

Полацкі ўніяцкі архібіскуп Язафат Кунцэвіч загінуў 12 лістапада 1623 году ад рук паўсталых супраць Уніі жыхароў Віцебску. За гэта горад быў пазбаўлены магдэбурскага права, а вінаватыя пакараныя сьмерцю. Сьледчую камісію ўзначальваў канцлер ВКЛ Леў Сапега.

Фота Крысьціны Шыянок.