«300-400 рублёў — заробак не для мужчыны. Паеду ў Расею»

Банкамат пад шыльдай “Служба занятасьці” дае надзею, што ня ўсё згублена

У Магілёве заяўляюць, што сытуацыя на рынку працы ў параўнаньні з пачаткам году палепшылася. Колькасьць беспрацоўных, якія стаялі на ўліку ў гарадзкой службе занятасьці, зьменшылася да двух тысяч. У сакавіку іх было 2736. На адну вакансію тады прэтэндавалі трое беспрацоўных. Цяпер жа на адно вольнае працоўнае месца прэтэндуе адзін беспрацоўны. Такая арытмэтыка, аднак, ня робіць пошук працы ў абласным цэнтры лягчэйшым. Як і раней, сьцьвярджаюць беспрацоўныя, знайсьці занятак з годным заробкам — мара.


Нікуды не падзенуцца, будуць працаваць


Жыхар Магілёва Віктар, шукаючы сабе працу, наведаў не адно прадпрыемства. Ён сьцьвярджае, што зьвесткам пра вакансіі, якія вывешаныя ў службе занятасьці, не заўжды варта верыць.

«Напрыклад, абяцаюць заробак 400 рублёў і канкрэтную на яго працу, а потым высьвятляецца, што заробак меншы і іншая праца. Альбо даюць чалавеку папрацаваць, а потым пераводзяць на іншае месца зь меншым заробкам», — апісвае сытуацыю Віктар.

«Такі падыход адміністрацыі прадпрыемства зразумелы, — працягвае ён. — Паколькі альтэрнатыву знайсьці цяжка, а шмат у каго крэдыты ды падатак на дармаедзтва цісьне, то людзям няма куды падзецца і яны пагаджацца на ўмовы адміністрацыі. Калі ў Эўропе дапамагаюць беспрацоўным, то ў нас усё наадварот: беспрацоўны дапамагае дзяржаве. Такая беларуская справядлівасьць».

Не знайшоўшы годнай працы на радзіме Віктар паехаў у Расею.

«Я няшмат зарабіў, але там жыць прасьцей. За месяц там можна зарабіць да 500 даляраў. Гэта нашмат болей, чым я змог бы заробіць тут», — сказаў ён.

Тым часам у гарадзкой службе занятасьці нешматлюдна. У чарзе па кансультацыю адзінкі. Ля стэндаў з вакансіямі натоўпаў беспрацоўных не заўважана. Тыя, хто падыходзіць, праглядаюць сьпісы з прапановамі, занатоўваюць упадабанае і сыходзяць.

«Знайсьці працу цяпер ня проста. Дужа шмат нюансаў, якія трэба ўлічваць», — рэагуе на цікавасьць журналіста пра магчымасьці працаўладкаваньня адзін з наведнікаў службы занятасьці.

«300-400 рублёў заробак не для мужчыны. Паеду ў Расею»


Малады чалавек прызнаецца, што занятак сабе знайшоў сам, хоць і зьвяртаўся па дапамогу да спэцыялістаў установы.

«Я знайшоў па знаёмстве часовую працу з заробкам 500 рублёў. Яна фізычна дужа цяжкая, таму казаць пра пэрспэктывы майго занятку не бяруся», — заўважае суразмоўнік і дадае:

«У мяне няма спадзеву на тое, што служба занятасьці мне дапаможа падшукаць альтэрнатыву. Тут толькі прапануюць, што вывешана на стэндах, але практыка паказвае, што многія вакансіі ўжо занятыя, ды заробак на іх мізэрны 300-400 рублёў. Хіба гэта заробак па цяперашнім часе для мужчыны? Сорамна!».

Уваход на магілёўскую біржу працы. Наплыву беспрацоўных не назіраецца



«Ды знайсьці працу з годным заробкам у Магілёве нерэальна», — расчаравана заяўляе яшчэ адзін наведнік біржы. Мужчына бяз працы некалькі месяцаў. Перабіваецца часовымі прыработкамі. Запэўнівае, што ён — высокакваліфікаваны кіроўца.

«Паеду ў Расею, — кажа ён. — Там хоць і заробкі ўпалі, але ў параўнаньні зь беларускімі значна вышэйшыя. Працаваць за тры тысячы, як тут на біржы прапануюць, я не хачу».

Наступны суразмоўца ня ўтойвае, што наведаўся ў службу занятасьці, бо «падціскаюць» алімэнты. «Звольніўся, не падумаўшы», — кажа ён.

«Спадзяваўся, што працу знайду хутка з большым заробкам, але сутыкнуўся з праблемай. Выбар нібыта ёсьць, але заробкі таго ж памеру, што ў мяне былі. Хацелася б каб 700 рублёў плацілі, а не 300. Буду шукаць. Трэба рухацца, а то будуць праблемы ўжо з алімэнтамі».

Партрэт беспрацоўнага: мужчына 40-45 год


У гарадзкой службе занятасьці паведамілі, што людзей, якія зьвяртаюцца па дапамогу ў пошуку працы, ня стала меней.

«Сярэднестатыстычны беспрацоўны ў Магілёве — гэта мужчына ад 40 да 44 гадоў з сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй. Беспрацоўных мужчын, як і раней болей, болей чым жанчын. Аднак апошнім часам беспрацоўных жанчын становіцца болей, хоць і ня значна», — падала партрэт беспрацоўнага супрацоўніца службы занятасьці.

Паводле суразмоўніцы ня кожны, хто зьвярнуўся ў службу занятасьці, зацікаўлены знайсьці працу.

Выбраць вакансію ня проста. Трэба ўгледзецца



«Стала больш заўважнай тэндэнцыя, што многія зарэгістраваныя беспрацоўнымі хаваюцца такім чынам ад „дэкрэту аб дармаедзтве“. Такія грамадзяне ня ходзяць у арганізацыі, у якія мы іх накіроўваем, і самі не імкнуцца шукаць сабе працы. Яны лічаць, што зарэгістраваўшыся ў службе занятасьці, сваю функцыю выканалі», — патлумачыла асаблівасьці сытуацыі суразмоўніца.

Паводле яе, масавага вяртаньня тых, хто працуе у Расеі, у службе занятасьці не назіраюць.

24 кастрычніка ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Закону аб занятасьці. Згодна зь ёй, калі наймальнік не заключыў дамовы з працаўніком, то працоўнае месца лічыцца вакантным. Гэтая акалічнасьць павялічыла колькасьць вакансій і зьменшыла суадносіны прэтэндэнтаў на іх.

Цяпер зарэгістраванаму беспрацоўнаму адводзіцца два месяцы, каб той знайшоў сабе занятак. Калі ён яго не знаходзіць, то яго здымаюць з уліку і на працягу года не рэгіструюць наноў. Раней на пошук працы адводзілася тры месяцы.



Рэальнае беспрацоўе ў шмат разоў большае за афіцыйнае


На 1 чэрвеня ў Магілёве на ўліку па беспрацоўю стаяла 2569 чалавек — 1,5 працэнты эканамічна актыўнага насельніцтва гораду. У кастрычніку ж беспрацоўе зьменшылася да двух тысяч.

Эканаміст Пётр Мігурскі лічыць, што ўзровень рэальнага беспрацоўя ў Магілёве мала каму вядомы. Паводле экспэрта, праўдзівых зьвестак на гэты конт няма. На ягоную думку, беспрацоўе ў абласным цэнтры сягае чатырнаццаці працэнтаў эканамічна актыўнага насельніцтва. Павярховыя падлікі, кажа ён, якія абапіраюцца на апублікаваныя зьвесткі ў гарадзкім друку і іншых даступных крыніцах, дазваляюць казаць пра дзесяць тысяч беспрацоўных.

Бігборд у Магілёве. Працы не адшукаць, але падаткі заплаці



«Толькі зь пяці прадпрыемстваў гораду звольнена з пачатку году 4 тысячы чалавек. Пазбавіўся „лішніх“ працаўнікоў Вагонабудаўнічы завод, „Строммашына“, „Трансмаш“, Мэталюргічны завод ды Казіміраўскі вопытна-мэханічны завод. Гэта тыя прадпрыемства, пра сытуацыю на якіх мы ведаем», — даводзіць сваё бачаньне сытуацыі эканаміст і дадае:

«Ліквідавалі свой бізнэс 330 індывідуальных прадпрымальнікаў. 562 суб’екты гаспадараньня таксама вырашылі згарнуць сваю дзейнасьць. Варта заўважыць, што ў кожным зь іх працавалі больш за два чалавекі. Да гэтага варта дадаць адшуканых „дармаедаў“ і тыя дзьве тысяч беспрацоўных якія зарэгістраваныя на біржы».