Беларус Дзьмітры Салагуб, які быў прызначаны ў сакавіку 2015 года намесьнікам кіраўніка Нацыянальнага банку Ўкраіны, задэкляраваў 1,266 мільёна грыўняў заробку, атрыманага на асноўнай працы, і амаль 360 тысяч грыўняў, атрыманых пад час папярэдняй працы ва ўкраінскім банку Райфайзен Банк Аваль (агульная сума заробку эквівалентная больш як 500 тысячам даляраў, калі разьлічваць праз афіцыйны курс 25,56 грыўняў за адзін даляр).
Гэта вынікае зь ягонай электроннай дэклярацыі, абнародаванай на афіцыйным сайце Нацыянальнага агенцтва Ўкраіны ў справе прадухіленьня карупцыі.
Апроч таго, Дзьмітры Салагуб і ягоная жонка Ілона ў 2015 годзе атрымлівалі працэнты паводле банкаўскіх дэпазытаў — 144 (каля 5,6 тысяч даляраў) ды 22 тысячы грыўняў адпаведна (крыху меней 1 тысячы даляраў). Свае грошы намесьнік кіраўніка Нацбанку Ўкраіны трымае ў Райфайзен Банк Аваль — 1,616 мільёна грыўняў (каля 625 тысяч даляраў), амаль 50 тысяч даляраў ды 3,2 тысячы эўра, а таксама ў дзяржаўным банку «Ощадбанк» — 180 тысяч грыўняў (каля 7 тысяч даляраў). Яшчэ больш як 28 тысяч даляраў Дзьмітры Салагуб трымае ў Карпаратыўным недзяржаўным пэнсійным фондзе НБУ.
Адрозна ад украінскіх палітыкаў Дзьмітры Салагуб мае невялікія сумы гатоўкі, але ў валюце — 2 тысячы даляраў, 1,2 тысячы англійскіх фунтаў ды адну тысячу эўра.
Згодна з дэклярацыяй, Дзьмітры Салагуб не мае ані карпаратыўных правоў, ані каштоўных папераў ці падарункаў. Ён зарэгістраваны і фактычна пражывае ў Кіеве ў кватэры (102 квадратных мэтры), якой ягоная жонка Ілона валодае на супольных правах уласнасьці з двума іншымі грамадзянамі (у дакумэнце не адзначаецца іх ступень іх сваяцтва).
У сям’і ёсьць два аўтамабіля — Mazda 626 (2009 года выпуску) ды Toyota Corolla (2005), якія зарэгістраваныя на жонку Дзьмітрыя Салагуба.