Як перад судом, так і пасьля вызваленьня блогера Джона Сільвэра.
Спачатку ўнутрана, а пасьля адкрыта я задаваў пытаньне: якія свае погляды агучваў Эдуард Пальчыс? Я хітраваў, бо ведаў што ніякіх поглядаў блогер не агучваў. Я чытаў практычна ўсе матэрыялы сайту «1863х» і ведаў, што яны збольшага аб'яднаныя адной звышзадачай — разьвянчаньне прапагандысцкіх мітаў і захадаў сучаснай Расеі. Вузкаскіраваная праца. Ніякіх разваг пра жыцьцё, дзе б маглі быць агучаныя тыя ці іншыя погляды.
А разьвянчаньнем прапаганды ўсходняга суседа займаюцца і прафэсійныя СМІ і іншыя блогеры. Дык чым адметны Пальчыс? Відаць, адметнасьць — у стылістыцы падачы.
Бярэм першую лепшую цытату, што трапілася на вочы: «В Беларуси РПЦ, а точнее БПЦ МП, зарекомендовали себя в последнее время как истовые сторонники Мордора, читай, “русского мира”. Казачьи клубы при церквях, шествия с имперскими флагами, столетиями неистребимая русская речь в богослужебной практике… Все это оставило у нас глубокий осадок в сознании и устойчивое впечатление: попы в рясах – агенты влияния Москвы».
Груба? Груба. Рэзка? Рэзка. Гэта люстэркавая стылістыка той, у якой расейскія імпэрцы апрацоўваюць маладых беларусаў у сацыяльных сетках.
Эдуард Пальчыс зьвяртаўся да юнакоў, пісаў у адпаведнай «пацанскай» стылістыцы і спрабаваў людзям сваёй генэрацыі данесьці рэальнасьць пагрозы з усходу.
«Нязгодныя з поглядамі», відаць, забыліся, што сайт-блог Джона Сільвэра зьявіўся ў 2014-м. Калі пачалося расейскае ўварваньне ва Ўкраіну і падавалася, што вось-вось пачнецца Трэцяя сусьветная вайна. Альбо як мінімум інтэрвэнцыя ў Беларусь і краіны Балтыі.
Сам Эдуард Пальчыс у інтэрвію для Свабоды тлумачыць:
— «Інфармацыйныя войскі» вельмі патрэбныя Беларусі. Усе асноўныя краіны гэта робяць. Што да Беларусі, дык нам нават ня трэба хлусіць і прыдумляць. Мы вельмі чыстыя і шчырыя ў сваіх мэтах — захаваньне незалежнасьці і прадухіленьне пагрозаў нашай краіне.
«Незалежнасьць», «прадухіленьне пагрозаў». Ключавое слова — прадухіленьне.
Звышмэта дзейнасьці Эдуарда Пальчыса была і ёсьць — прэвэнтыўныя захады ў інфармацыйнай прасторы перад імавернай пагрозай расейскай агрэсіі ў Беларусі.
Але блогер застаўся сам-адзін са сваім праектам. Ня стаўся барабаншчыкам, які бадзёрыць астатніх і ўласным прыкладам спараджае новыя падобныя актыўнасьці.
Відаць, малодшыя не пасьпелі прасякнуцца думкай, а старэйшыя не ўспрынялі «пацанскую» стылістыку. А таму не пачулі крык перасьцярогі.
Адзін з пасылаў Эдуарда Пальчыса вельмі просты: пакуль вы чысьціце карункавымі насоўкамі свае ідэйныя рапіры, вас возьмуць і без усялякага джэнтэльмэнства дзяўбануць дубінай. Таму, калі хочаце выстаяць, бярыце ў рукі свае беларускія дубіны і плаціце той самай манэтай.
Выглядае, што ў Беларусі ўсё яшчэ ня вераць у магчымасьць ужываньня расейскай дубіны супраць нашай вытанчанай ідэйнай рапіры. Адсюль і «непрыняцьце ідэй» Эдуарда Пальчыса.
Зрэшты, цяпер у тых, хто не зразумеў, ёсьць магчымасьць асабіста зьвярнуцца да Эдуарда як да мастака на вэрнісажы і запытацца: «Аўтар, а што вы хацелі вашай карцінай сказаць?»
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.