Мянчук Дзьмітры, які цяпер жыве за мяжой, атрымаў ад міліцыі тэхніку, якую больш за год таму забралі на экспэртызу. Міліцыя, верагодна, не знайшла на ёй нічога незаконнага, але сам Дзьмітры выявіў на пляншэце чужыя файлы. У іх ліку порнаролікі, аўдыёзапісы тэлефанаваньняў, фоты незнаёмых людзей, кантакты ў мэсэнджэры Viber і мэсэнджэр Telegram, які ён не ўсталёўваў, электронная музыка, якую ён не спампоўваў, распавядае Дзьмітры Свабодзе і паказвае знойдзеныя файлы.
Дзьмітры быў затрыманы супрацоўнікамі Маскоўскага РУУС Менску напярэдадні 9 траўня 2015 году ў ліку 6 людзей, якіх называлі фанатамі менскага футбольнага клюбу «Дынама» (Дзьмітры кажа, ён не фанат, знаёмы не з усімі, нават ня ведае імя аднаго). Ім далі па 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за нецэнзурную лаянку.
Заўзятараў падазравалі ў тым, што яны нібыта прысутнічалі пры перадачы зброі ці экстрэмісцкіх матэрыялаў, зьвязаных з Украінай, сказаў Свабодзе сябар Дзьмітрыя. Сапраўдную прычыну затрыманьня Дзьмітры ня ведае — падазрае, што яго затрымалі праз тое, што ягоная жонка з Украіны. Ён кажа, яго шмат пыталі пра ўкраінскія «Правы сэктар» і батальён «Азоў».
Міліцыя забрала на экспэртызу амаль што ўсю тэхніку Дзьмітрыя, сьцьвярджае ён: пляншэт, два тэлефоны, фотаапарат, ноўтбук, два цьвёрдыя дыскі, адзін зь якіх забралі зь ягонай працы. Ніякіх дакумэнтаў, у тым ліку копіі падпісанага ім пратаколу, не давалі. Адна экспэртыза нібы прайшла — праз год і два месяцы ягонай маці вярнулі тэхніку. На другую экспэртызу, псыхалінгвістычную, узялі майкі з «Пагоняй» і сымболікай «Азова», значкі і іншае. Гэтыя рэчы не вярнулі і, магчыма, вяртаць ня будуць. У яго знаёмых, затрыманых тады, таксама канфіскоўвалі тэхніку на экспэртызу, затым вярнулі. Заключэньняў па экспэртызах Дзьмітры не атрымліваў.
Што да іншай тэхнікі, то на тэлефонах Дзьмітры не знайшоў чужых файлаў, а ноўтбук зь Беларусі яму яшчэ ня выслалі. Што тычыцца знойдзеных на пляншэце файлаў, Дзьмітры падазрае, што пляншэт выкарыстоўваў у асабістых мэтах супрацоўнік міліцыі: фатаграфаваў сяброў і апэратыўную дзейнасьць, праслухоўваў чужыя размовы. Верагодна, кажа ён, у міліцыі думалі, што, калі Дзьмітры зьехаў за мяжу, вяртаць тэхніку не давядзецца, але калі маці занялася вяртаньнем рэчаў, супрацоўнік міліцыі проста не пасьпеў у сьпешцы выдаліць свае файлы.
Прэс-сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандр Ластоўскі пацьвердзіў Свабодзе, што выкарыстаньне тэхнікі ў час правядзеньня экспэртызы рэгулюецца правіламі і што карыстацца чужой тэхнікай у асабістых мэтах «ня толькі нельга, але і неразумна». Ён параіў Дзьмітрыю зьвярнуцца ў Маскоўскае РУУС Менску, а калі там не атрымае належнага адказу, зьвярнуцца ў вышэйшыя інстанцыі.