Аўтар палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі, які лічыць яго невыпадковым прэзыдэнтам для Беларусі. Чалец першага выбарчага штабу і адзіны зь першай каманды Лукашэнкі, які, як сам кажа, «пакаяўся яшчэ ў 1996 годзе» за ўнёсак у перамогу.
Прапануем фрагмэнт інтэрвію
Соўсь: Аляксандар Іосіфавіч, у 1991 годзе вам было 27 гадоў, вы толькі скончылі выкладаць у школе рускую мову і літаратуру і пайшлі на кіраўніцкія пасады ў камсамол, былі сакратаром ЦК ЛКСМБ у пытаньнях студэнцкай моладзі, потым першым сакратаром ЦК Саюза моладзі Беларусі. Пасьпелі нават у партыю ўступіць. Ці былі вы ідэйным камсамольцам і камуністам або проста рабілі кар’еру як амбітны і таленавіты малады чалавек?
Фядута: Членам ЦК ЛКСБ я стаў яшчэ ў 1987 годзе дзякуючы Ўладзімеру Грыдзюшку, які цяпер кіруе нацыянальнай опэрай, а ў тыя часы быў загадчыкам аддзелу школы і студэнцкай моладзі ЦК камсамолу Беларусі. Я быў тады школьным настаўнікам. Ужо адбываліся гарбачоўскія працэсы, і ў саму ідэю можна было ўжо і ня верыць. Я пасьпеў правесьці як школьны настаўнік першыя ў Беларусі ўрокі пра «Майстра і Маргарыту» Булгакава. Калі памёр Андрэй Дзьмітрыевіч Сахараў, я прысьвяціў урокі памяці Сахарава. У той момант здавалася, што галоўнае — гэта тое, што робіць Гарбачоў. І трэба было ісьці яму дапамагаць. Я выбіраўся і сакратаром ЦК камсамолу Беларусі...
Соўсь: Каб дапамагаць Гарбачову?
Фядута: Так. Таму што перабудову трэба было рабіць усюды. Мне здавалася ў той момант, што я нешта магу зрабіць...
Соўсь: А калі ўсьвядомілі каштоўнасьць незалежнасьці?
Фядута: У 1995 годзе.
Соўсь: Толькі ў 1995-м? Чаму?
Фядута: У 1995 годзе я балятаваўся ў склад Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня па Горадні. Гэта мой родны горад, я сустракаўся з настаўнікамі школаў, якія вельмі добра ведалі мяне і якіх добра ведаў я. І гэта ўсё адбывалася напярэдадні рэфэрэндуму аб зьмене сымболікі. У той момант трэба было вызначацца кожнаму. Я прыяжджаю ў 14-ую школу, устае настаўніца і кажа: «За каго вы нас лічыце? Мы чатыры гады расказваем школьнікам пра сымболіку, пра незалежнасьць. І цяпер усё гэта замяніць? Мы ж настаўнікі, а не, прабачце, прастытуткі». Калі так размаўляеш з былымі калегамі, трэба адказаць самому сабе, за што ты. І ў той момант я вырашыў для сябе назаўжды, што бела-чырвона-белы сьцяг — гэта ўжо і мой сьцяг, і «Пагоня» — гэта і мой герб.
Соўсь: Вы кажаце, што толькі ў 1995-м усьвядомілі каштоўнасьць нацыянальных сымбаляў. А як вы іх успрымалі ў 1991 годзе? У 1992-м, 1993-м, 1994-м?
Фядута: Верасень 1991 году. Ты сакратар ЦК камсамолу, які за 6 месяцаў працы аб’езьдзіў палову рэспублікі ў машыне. І ўвесь гэты час на будынках, пачынаючы ад сельсаветаў, заканчваючы аблвыканкамамі, бачыў чырвона-зялёны сьцяг. Зразумела, што гэта сьцяг тваёй рэспублікі (не кажу яшчэ «краіны»), дзе ты жывеш, працуеш. І ты едзеш у верасьні па Беларусі і бачыш зусім іншыя сьцягі. І ты нічога не разумееш, што адбылося. Гэта як едзеш па акупаванай тэрыторыі...
Соўсь: Зянон Пазьняк казаў, што быў вельмі шчасьлівы, калі прымалі нацыянальныя сымбалі, нават сьлёзы цяклі. А ў вас было ўражаньне акупаванай тэрыторыі?
Фядута: Так.
Соўсь: Ці доўга такое ўражаньне захоўвалася?
Фядута: Не. У лютым 1992 году замаўлялі новую сымболіку Саюзу моладзі, там ужо быў бела-чырвона-белы сьцяг. Гэты сьцяг яшчэ не набыў для мяне той каштоўнасьці, якую набыў у 1995 годзе. Гэта розныя часы. Павінна нешта адбыцца з краінай і з табой... Каб усьвядоміць тое, што адбываецца з краінай, трэба, каб ты зьмяніўся. А гэта патрабуе заўжды часу.
Цалкам інтэрвію неўзабаве на нашым сайце.
Аляксандар Фядута пра сьцяг і герб у 1991-м: Як едзеш па акупаванай тэрыторыі АНОНС
Your browser doesn’t support HTML5
Удзельнік цыклю «Пасьля СССР. 25 гадоў незалежнасьці» — былы кіраўнік упраўленьня грамадзка-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзыдэнта, былы палітвязень, літаратуразнаўца і аналітык Аляксандар Фядута.