Кошык валютаў
Ад 1 лістапада зьмяніліся долі расейскага рубля і эўра ў кошыку замежных валютаў, на які арыентаваны беларускі рубель. Цяпер 50% кошыку — расейскі рубель (было 40%), 30% — даляр ЗША (доля не зьмянілася), 20% — эўра (было 30%).
Нацбанк тлумачыць гэтае рашэньне стратэгіяй паэтапнага збліжэньня долі расейскага рубля ў кошыку з доляй Расеі ў зьнешнегандлёвым абароце (апошняя складае, паводле Белстату, 52% ў студзені—верасьні 2016 году, падзеньне за год — 8,9%, імпарт перавышае экспарт на 3 млрд даляраў). Пры вызначэньні доляў ЗША і эўра ўлічваліся аб’ёмы гандлю гэтымі валютамі на Беларускай валютна-фондавай біржы (эўра патаньнеў да даляра на 20% цягам 2014 году, але цягам 2015–2016 гадоў суадносіны заставаліся параўнальна стабільнымі).
Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч адзначаў у камэнтары Свабодзе, што больш як 40% разьлікаў у замежным гандлі вядуцца не ў расейскіх рублях, а ў далярах. Таму такое рашэньне Нацбанку ён назваў у пэўнай ступені палітычным. Пра тое, як Беларусь рэгулявала і рэгулюе курс беларускага рубля да іншых валютаў, Свабодзе падрабязна распавядаў эканаміст Сяргей Чалы.
Нафтавыя мыты
Таксама 1 кастрычніка Беларусь падвысіла экспартныя мыты на нафту і нафтапрадукты, што вывозяцца за межы Эўразійскага эканамічнага саюзу. Падвышэньні невялікія: на сырую нафту з 91,9 да 92,7 даляра за тону, на прастагонны бэнзін — з 65,2 да 65,8 даляра, на таварныя бэнзіны — з 56 да 56,5 даляра, на лёгкія і сярэднія дыстыляты, на дызэльнае паліва, бэнзоль, талюоль, ксылёлі, змазачныя і іншыя алівы — з 36,7 да 37 даляраў.
Беларусь раней хацела падвысіць на 50% тарыфы на транзыт расейскай нафты ў межах «нафтагазавых войнаў» з Расеяй, але Аляксандар Лукашэнка скасаваў гэтае падвышэньне ў выніку дамовы з Расеяй наконт зьніжкі на газ (у выніку цана на газ не зьмянілася, Беларусь яшчэ не вярнула Расеі запазычанасьць за газ, а Расея яшчэ не аднавіла паставак нафты ў Беларусь у ранейшых аб’ёмах).
Мінімальныя і спажывецкія бюджэты, выплаты на дзяцей
Ад 1 лістапада ў сярэднім на 6 рублёў, альбо на 2%, павялічыліся мінімальныя спажывецкія бюджэты для розных катэгорыяў насельніцтва, якія дзяржава выкарыстоўвае, каб ацэньваць зьмены ўзроўню жыцьця насельніцтва.
Ды бюджэты пражытковага мінімуму, ад якога залежаць выплаты семʼям зь дзецьмі, мінімальныя пэнсіі і надбаўкі да пэнсіяў, наадварот, зьнізіліся ў сярэднім на душу насельніцтва на 98 капеек. Што праўда, калі бюджэт пражытковага мінімуму зьніжаецца, а не падвышаецца, то пераразьліку выплатаў не адбываецца, іх выплочваюць у ранейшых памерах. Выплаты тым, хто даглядае дзяцей да 3 гадоў, нават павялічацца на 8-10 рублёў.
Тарыфы на МТС
Ад 1 лістапада мабільны апэратар МТС зьмяніў прынцып тарыфікацыі мабільнага інтэрнэту амаль на ўсіх тарыфных плянах, каб немагчыма было расходваць звыш чаканага. Цяпер кліент апэратара, які выкарыстаў больш трафіку, чым аплочваў, атрымае SMS пра пераход на іншы ўзровень тарыфікацыі (раней «лішнія» мэгабайты каштавалі ў шмат разоў даражэй за прадугледжаныя тарыфамі, цяпер адрозьненьне меншае). Таксама апэратар закрыў вялікі шэраг паслуг дадаваньня трафіку на тарыфы — з новай сыстэмай тарыфікацыі яны проста не патрэбны.
МТС да таго мяняў тарыфы 21 траўня, адны паслугі станавіліся таньнейшымі, іншыя — даражэйшымі.
З 25 верасьня на 7-14% падаражэла сувязь у мабільнага апэратара velcom. Трэці мабільны апэратар, life:), апошні раз падымаў цэны 6 чэрвеня.
Цыгарэты, паркоўка і ўсё астатняе
Цыгарэты розных марак падаражэюць у Беларусі на 1-10 капеек ад 1 лістапада, у верасьні яны даражэлі на 5 капеек. Таксама з гэтага дня ў 2,5 раза вырастуць цэны на паркоўку ў менскім Верхнім горадзе.
Цэны ў Беларусі растуць амаль няспынна. У жніўні, што праўда, была зафіксаваная дэфляцыя (зьніжэньне цэнаў) на 0,1%, такое адбылося ўпершыню за 7 гадоў. Але ўжо ў верасьні інфляцыя вярнулася: рост цэнаў зафіксаваны на 7% у параўнаньні са жніўнем 2016 году і на 8,3% у параўнаньні са сьнежнем 2015-га. На працягу году цэны на паслугі вырасьлі на 18,6%, на харчовыя тавары — на 10%.